Топ-100 самых уплывовых беларусаў. 19. Аляксандр Шакуцін
05.04.2015 / 18:40
19 (19). Аляксандр Шакуцін
Старшыня рады дырэктараў ААТ «Амкадор».
На працягу апошніх гадоў Шакуцін стаў самым набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсменам. Мільянер суправаджае яго і падчас рабочых турнэ, сумешчаных з адпачынкам, і нават падчас сямейных візітаў да цешчы Лукашэнкі. А калі на сына Шакуціна быў здзейснены разбойны напад, то кіраўнік краіны ўзяў расследаванне справы пад асабісты кантроль.
Бізнэсмен свядома абраў стратэгію блізкасці да ўлады. Ён сёмы год сядзіць у савеце рэспублікі і з задавальненнем забірае да сябе чыноўнікаў-адстаўнікоў.
Напрыклад, дырэктар «Амкадо-ра» — былы памочнік прэзідэнта Сяргей Ткачоў, а ягоны намеснік — былы віцэ-мэр Мінска Сяргей Радаман.
Холдынг Шакуціна тым часам атрымлівае новыя і новыя заводы.
Акрамя таго, разам з наваполацкім сябрам і партнёрам Мікалаем Вараб’ём Шакуцін выкупіў «Абсалютбанк», а таксама выказаў жаданне заняцца турбізнэсам.
Сярод актываў бізнэсмена застаецца і прадзюсарскі цэнтр «Спамаш», голас якога — самая маладая заслужаная артыстка краіны Алена Ланская. Разам з ёй Шакуцін спрабаваў скарыць «Еўрабачанне».
Цытата
«Мы дамовіліся, што Шакуцін ніколі не будзе выводзіць грошы ў афшоры ці яшчэ кудысьці хаваць, а будзе ўкладаць у эканоміку Беларусі».
Аляксандр Лукашэнка ў снежні 2014.
Аб’ектыўка
Нар. у 1959 у вёсцы Вялікае Бабіна Аршанскага раёна. Закончыў Беларускі
дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «хірургія». Працаваў загадчыкам хірургічнага аддзялення 10-й мінскай бальніцы, дырэктарам медцэнтра МТЗ. У якасці прэзідэнта прадпрыемства «Праммедінвест» займаўся пастаўкамі медыцынскага абсталявання. Старшыня рады дырэктараў ААТ «Амкадор» (з 2005), член савета рэспублікі (з 2008), старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі (з 2012).
* * *
Чытайце таксама:
Феномен Шакуціна: як вясковы хлопец стаў адным з найбагацейшых бізнэсмэнаў
* * *