Топ-100 самых уплывовых беларусаў. 6. Уладзімір Макей

05.04.2015 / 18:29

6 (6). Уладзімір Макей

Міністр замежных справаў.

 

Здаецца, «паніжэнне» да міністра замежных справаў мала як адбілася на Уладзіміру Макею. Наадварот, гэты чыноўнік, які добра валодае нямецкай і англійскай мовамі, адчувае сябе больш упэўнена ў калідорах Брусэля і Страсбурга, чым наведваючы завод у Клімавічах ці седзячы на нарадах аб паляўніцтве і рыбалоўстве.

Макей энергічны і цікаўны. Ён умее пажартаваць і пасмяяцца. Гэта высока цэніцца як замежнымі гасцямі, гэтак і кіраўніком краіны. Макей здольны зачараваць многіх.

Чыноўнік ужо быў канструктарам адной з «адліг» афіцыйнага Мінска і Еўропы. Сёння наспявае наступная. І ў галоўных ролях зноў гэты самы разведчык родам з Карэліцкага раёна.

 

Цытата

«Мы хочам быць роўна набліжанымі і да Усходу, і да Захаду, і да Поўдня, і да Поўначы, і да космасу, і, можа быць, да глыбінь Зямлі».

Люты 2015.

 

Аб’ектыўка

Нар. у 1958 у вёсцы Некрашэвічы Карэліцкага раёна. Скончыў Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моваў (1980), служыў у савецкай разведцы (1980—1992), палкоўнік запасу. Перавучваўся ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Аўстрыі (1992—1993). Знаходзіўся на дыпламатычнай службе (1993—2000), працаваў памочнікам прэзідэнта (2000—2008), кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта (2008–2012). Ад жніўня 2012 — міністр замежных справаў. Мае сыноў ад абодвух шлюбаў. Другая жонка — актрыса і тэлевядучая.

* * *

1. Аляксандр Лукашэнка 
2. Валерый Вакульчык
3. Аляксандр Косінец
4. Віктар Лукашэнка
5. Андрэй Кабякоў
6. Уладзімір Макей
7. Ігар Шуневіч
8. Павел Калаўр
9. Уладзімір Сямашка
10. Віктар Шэйман
11. Юрый Чыж