Азёры на Марсе з’яўляліся і знікалі прынамсі двойчы
Вада замарожвалася і адтайвала ў выніку геалагічнай актыўнасці.
26.03.2015 / 13:17
Кратар Езера. Фота: NASA/MSSS/ASU/GSFC
Сляды старажытнага возера ў марсіянскім кратары Езера сведчаць пра тое, што вада на паверхні Марса не проста знікла — яна з’яўлялася і знікала прынамсі двойчы. Аб гэтым амерыканскія планетолагі пішуць у часопісе Journal of Geophysical Research: Planets.
Планетолагі знайшлі блізу колішняга возера ў экватарыяльным кратары Езера сляды таго, што вада з’яўлялася і знікала ў ім не раз.
Па звестках з зонду Mars Reconnaissance Orbiter навукоўцы даследавалі сляды каналаў каля возера, па якіх вада уцякала і выцякала з яго. Каля каналаў былі знойдзеныя сляды асадачных парод, у тым ліку гліны.
З дапамогай спектрометра CRISM на зондзе навукоўцы «прасвяцілі» гліну і параўналі яе з іншымі глінамі блізу возера. Аналіз паказаў, што ўзрост гліны ў каналах не супадае з узростам саміх каналаў. То значыць, вадараздзел, дзе сфармавалася даследаваная гліна, пазней паспеў пакрыцца свежымі нанесенымі пародамі.
З гэтага навукоўцы зрабілі выснову: на Марсе было прынамсі два асобных «водных» перыяды, калі вада на паверхні існавала не ў форме лёду. Адкрыццё ўпісваецца ў тэорыю аб тым, што акіяны на Марсе рэгулярна замярзалі і адтайвалі.
Прычынай адтайвання вады маглі быць сінхронныя вывяржэнні вулканаў альбо іншая геалагічная актыўнасць.
Навукоўцы кажуць, што адкрыццё робіць кратар Езера ідэальным месцам для пошуку слядоў марсіянскага жыцця. Калі жыццё і магло зарадзіцца ў такім пераменлівым водным рэжыме, то яго варта шукаць у азёрах каля вулканаў.
Чытайце таксама:
Curiosity знайшоў сляды азёраў на Марсе
Навукоўцы: акіян пакрываў 20% паверхні Марса