Патэнт 1891 года патлумачыў, якім бокам правільна вешаць туалетную паперу

Даўняя спрэчка вырашаная: адрыўным бокам да сябе, а не да сцяны.

19.03.2015 / 11:28

Выява з патэнту

Адну з самых гарачых спрэчак у інтэрнэце вырашыў рэдактар часопіса The Next Web Оўэн Уільямс. У сваім твітары ён апублікаваў выяву з патэнту, што адназначна тлумачыць, якім бокам правільна вешаць рулон паперы.

Усе выявы ў патэнце 1891 года амерыканскага бізнэсоўца Сэта Уілера на перфараваны рулон паперы паказваюць рулон адрыўным бокам да карыстальніка, а не да сцяны.

Такім чынам можна заключыць, што стваральнік перфараванага рулона выступаў за варыянт «паперай да карыстальніка, хаця сам патэнт не ўтрымлівае прамых указанняў на тое, які бок «правільны».

На момант публікацыі твіт Уільямса набраў амаль 3,5 тысячы рэтвітаў, больш за 2 тысячы чалавек дадалі твіт у «абранае».

Праблема прасторавай арыентацыі рулону прыводзіць да гарачых спрэчак, сацыялагічныя апытанні паказваюць прыкладна роўную колькасць прыхільнікаў абедзвюх арыентацый. Некаторыя сцвярджаюць, што такія спрэчкі могуць стаць прычынай разводу.

Мічыганскі энтузіяст Біл Джарэт прапанаваў у 2006 годзе правесці ў ЗША нацыянальны рэферэндум аб правільнай арыентацыі паперы, каб раз і назаўжды вырашыць спрэчку. А тэхаскі інжынер Кёртыс Батс прапанаваў для вырашэння праблемы разваротны трымальнік паперы Tilt-A-Roll.

***

Многія звыклыя сёння вынаходкі частка чалавецтва выкарыстоўвае няправільна. Легенда кажа, што вынаходнік пакеціка для цукра ў форме трубачкі (sugar stick) скончыў жыццё самагубствам, калі даведаўся, як карыстаюцца яго вынаходкай. Многія надрываюць пакецік ля края, тым часам як вынаходнік прадугледжваў, што пакецік будзе зручна надломваць у сярэдзіне.

Аляксандр Арсёнаў