У ЗША выпрабавалі звышцяжкую ракету для палётаў на Марс

11.03.2015 / 22:09

Амерыканскае касмічнае агенцтва НАСА правяло першае выпрабаванне адной з самых магутных у свеце ракет на цвёрдым паліве. Эксперымент адбыўся на палігоне ў штаце Юта.

У НАСА паведамляюць, што так званы «халодны пуск» разгоннага 54-метровага рухавіка ракеты прайшоў бездакорна.

Сістэма пад назвай Space Launch System у перспектыве прызначана для выканання пілатаванага палёту на Марс. Першы палёт новай ракеты запланаваны на 2017 год.

Звышцяжкая ракета сістэмы Space Launch System прызначана для вываду за межы калязямной арбіты касмічных аб'ектаў масай звыш за 130 тон.

Яе паскаральнікі на чвэрць больш магутныя, чым тыя, што выкарыстоўваліся ў сістэме шматразовых караблёў Space Shuttle.