Пенсія Шушкевіча: нават булку хлеба не купіш

28.02.2015 / 17:48

У студзені былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч узяў чарговую даведку ва упраўленні сацыяльнай абароны Цэнтральнага раёна Мінска. Агулам за год экс-кіраўнік Беларусі атрымаў 38 тысяч 400 рублёў. Гэта значыць, кожны месяц ён атрымліваў па 3200 рублёў.

Пажыццёвая пенсія ў памеры 3 мільёны 196 тысяч была прызначаная Шушкевічу яшчэ ў 1997 годзе. Пасля дэнамінацыі 1999-га яна стала складаць 3200 рублёў. Амаль дваццаць гадоў таму гэта былі неблагія грошы (300 даляраў). А сёння на іх не купіш нават булку хлеба. Па курсе Нацбанка — гэта ўсяго 0,2 даляра.

У 2010-м Шушкевіч звяртаўся да тагачаснага прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, кіраўніка Адміністрацыі Уладзіміра Макея, старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Беларусі Віктара Камянкова з патрабаваннем аднавіць справядлівасць і налічваць яму годную пенсію. Але нічыёй дапамогі так і не дачакаўся.

Сам Шушкевіч называе гэта «здзекам». І ў свае 80 год зарабляе грошы чытаннем лекцый у замежных універсітэтах.

ЗП