Пасол Вялічка: Беларусь ніколі не дазволіць іншым краінам уводзіць з яе тэрыторыі войскі ва Украіну
17.01.2015 / 09:59
Беларусь падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і ніколі не дазволіць іншым дзяржавам са сваёй тэрыторыі ажыццяўляць агрэсію супраць яе. Пра гэта заявіў амбасадар Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка.
«Украіна для нас — не толькі добрая надзейная суседка, але і братэрская краіна, якая аказалася ў цяжкай сітуацыі. Аднак адразу адзначу: кіраўнік нашай дзяржавы сказаў, што Беларусь ніколі не звернецца да агрэсіі. Больш за тое, Беларусь ніколі не дазволіць і іншым краінам з яе тэрыторыі [ажыццяўляць агрэсію супраць Украіны]», — цытуюць Вялічку інфармацыйныя агенцтвы.
«Мы падтрымліваем Украіну як цэласную ўнітарную дзяржаву ў рамках дзеючай Канстытуцыі, якая выключае федэралізацыю», — сказаў дыпламат.
Вялічка адзначыў, што ні ўрад Беларусі, ні беларускія дыпламаты ніколі не абмяркоўвалі выбар ўкраінскага народа, які вырашыў змяніць кіраўніцтва ў краіне.
«Урад Беларусі, а таксама і прадстаўнікі амбасады ніколі не казалі: новая ўлада, старая ўлада, што яе змена — гэта вельмі дрэнна, правільны ці няправільны выбар народа. Гэта ўнутраная справа ўкраінскага народа», — падкрэсліў ён.
У дадзенай сувязі Вялічка адзначыў, што Беларусь будуе з Украінай адносіны, «зыходзячы з высокага пачуцця ўзаемапавагі». «Сёння нашы адносіны развіваюцца на ўзаемавыгадных палітычных і эканамічных умовах. Беларусь займае высокае месца сярод гандлёвых партнёраў Украіны», — сказаў дыпламат.
Ён таксама нагадаў, што ў Мінску праводзяцца пастаянныя кансультатыўныя трохбаковыя сустрэчы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны.
«Беларусь гатовая стварыць спрыяльныя ўмовы для перамоваў і кансультацый па гэтым пытанні. Міралюбная палітыка добразычлівасці паміж нашымі краінамі не падпадае пад сумнеў і яна набывае пазітыўную і адчувальную дынаміку, што адзначаюць міжнародныя арганізацыі», — канстатаваў беларускі дыпламат.