Візавы цэнтр Вялікабрытаніі афіцыйна адкрыўся ў Мінску

15.01.2015 / 16:22

Афіцыйнае адкрыццё Візавага цэнтра Вялікабрытаніі 15 студзеня адбылося ў Мінску.

wikipedia.org

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Брус Бакнел адзначыў: «Я рады, што ў Мінску пачаў працаваць Візавы цэнтр. Спадзяюся, беларусы будуць задаволены ўзроўнем аказваемых тут паслуг. Таксама гэта добры прыклад супрацоўніцтва прыватнага бізнесу і дзяржавы. Дзякуючы дэлегаванню паўнамоцтваў мы змаглі адкрыць больш візавых цэнтраў па ўсім свеце і ў той жа час сэканоміць грошы ўрада і падаткаплацельшчыкаў Вялікабрытаніі».

Фактычна мінскі Візавы цэнтр пачаў працаваць па прыёме заяў на візы ў Вялікабрытанію, а таксама біяметрычных даных у мінулым годзе. Абсталяванае для гэтых мэт памяшканне знаходзіцца ў веданні камерцыйнага партнёра дэпартамента па візах і іміграцыйных справах МУС Вялікабрытаніі (UKVI) - кампаніі «Тэлеперформанс». Візавы цэнтр размясціўся ў «Няміга Сіці» па вул. Няміга, 40. Пададзеныя сюды дакументы перасылаюцца потым у пасольства Вялікабрытаніі ў Маскве, дзе супрацоўнікі апрацоўваюць заявы на кароткатэрміновыя візы на працягу 15 рабочых дзён.

У кліентаў Візавага цэнтра ёсць магчымасць скарыстацца комплексам дадатковых паслуг, у тым ліку VIP-залай, прамым вяртаннем дакументаў кур'ерам, а таксама працэдурай паскоранага разгляду дакументаў (Priority Visa Service, або PVS).