У космас, нядорага! SpaceX паспрабавала зрабіць ракету шматразовай
Запуск «касмічнага грузавіка» Dragon прыватнай амерыканскай кампаніі SpaceX 10 студзеня увойдзе ў гісторыю. Адну са ступеняў ракеты Falcon 9 амаль удала спусцілі на марскую платформу замест затаплення ў моры.
10.01.2015 / 13:54
Запуск Falcon 9. Фота з твітару SpaceX
У 12:50 па мінскім часе 10 студзеня паспяхова адбыўся запуск ракеты Falcon 9 з касмічным караблём Dragon, які мае даставіць на МКС 2,5 тоны грузу. Паводле кантракта з NASA SpaceX ужо адаслаў на МКС 4 такіх караблі з 12-ці запланаваных.
Dragon здольны вяртацца на зямлю і выкарыстоўвацца некалькі разоў. Але SpaceX — кампанія «сапраўднага Тоні Старка» Элана Маска — пайшла далей, паспрабаваўшы зрабіць шматразовымі і ступені ракеты, што раней проста танулі ў моры.
Схема палёту Falcon 9. Фота з твітару SpaceX
Ступень Falcon 9 пасля аддзялення мусіла спусціцца на парашуце і зрабіць мяккую пасадку на адмысловую марскую платформу. Але тое, што Элан Маск назваў «зрабіць сігару», не атрымалася дасканала. Ракета выканала сваю асноўную мэту і паспяхова вярнулася, але прызямлілася жорстка. З караблём усё добра, але некаторае абсталяванне прыйдзецца рамантаваць.
Элан Маск назваў гэта добрым вынікам. Упершыню ў гісторыі ступень ракеты паспрабавалі мякка пасадзіць на цвёрдую паверхню — і атрымалі карысны досвед, які ў будучыні прывядзе да дасканалай пасадкі. Гэта толькі адзін крок на доўгім шляху SpaceX да танных касмічных палётаў.