Оперную спявачку Ганну Нятрэбка пазбавілі кантракта з-за фота са сцягам «Наваросіі»

10.12.2014 / 21:18

Жэст расейска-аўстрыйскай опернай спявачкі Ганны Нятрэбка ў выглядзе ахвяравання 1 мільёна рублёў на «мастацтва ДНР» і пазіраванне з Царовым выклікала негатыўную рэакцыю ў Аўстрыі.

Аўстрыйскі МЗС асудзіў фатаграфаванне спявачкі з «уладамі» і сцягам так званай «Наваросіі» і заявіў, што яно з'яўляецца «праблематычным» і відавочна будзе выкарыстана ў прапагандысцкіх мэтах.

Акрамя таго, авіякампанія Austrian Airlines, рэкламным тварам якой з'яўляецца спявачка, не мае намеру працягваць кантракт, які скончыўся ў лістападзе.

Сама Нятрэбка на сваёй старонцы ў Facebook напісала, што ахвяраванне грошай для «Данбас Опера» не з'яўляецца палітычным актам: «Я проста хачу, каб баявыя дзеянні скончыліся як мага хутчэй і хачу падтрымаць мастацтва і артыстаў падчас жудаснага канфлікту». Пры гэтым чэк на 1 мільён рублёў быў перададзены ў рукі экс-дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны Алега Царова.

Па словах Нятрэбка, Цароў «быў прадстаўлены» ёй як адзіны чалавек, які можа забяспечыць бяспечную дастаўку сродкаў опернаму тэатру ў Данецку. А з'яўленне сцяга было «незапланаваным»: «Я нават не пазнала яго і зразумела толькі пазней, што гэта такое».

Аўстрыйскія СМІ пішуць, што Нятрэбка «спрабуе прадставіць сябе палітычна наіўнай».