Як беларус пераехаў у Камбоджу і адкрыў там фітнэс-клуб — інтэрв’ю

20.12.2014 / 10:44

Сярод беларускіх айцішнікаў даволі старым трэндам з’яўляюцца ўцёкі ў цёплыя краіны, дзе і кошты ніжэйшыя, і апатычнага міжсезоння няма. Але што рабіць чалавеку, якому шырокапалосны інтэрнэт наўрад ці дапаможа зарабляць на жыццё? Быць наёмным работнікам у краінах Азіі не атрымаецца — не той узровень жыцця, на які арыентуецца шараговы беларус. Адзінае выйсце — стаць самому працадаўцам.

Пра тонкасці вядзення ўласнай справы ў Паўднёва-Усходняй Азіі нам распавёў Аляксандр Касцюкевіч, ураджэнец Мінска, сузаснавальнік фітнэс-клуба Angkor Fight Club у горадзе Сіэмрэап на поўначы Камбоджы.

Аляксандр Касцюкевіч.

«Наша Ніва»: Кім Вы былі ў Беларусі і чаму вырашылі пераехаць?

Аляксандр: Апошняя афіцыйная пасада перад тым, як з'ехаць у Азію — менеджар па продажах у буйной кампаніі. Пасля таго, як звольніўся, была магчымасць паехаць у Тайланд на месяц трэніравацца. Гэта звязана з моцным захапленнем тайскім боксам. Пасля першай паездкі і вяртання ў Беларусь мне захацелася паехаць зноў і застацца на больш працяглы тэрмін. Спадабаўся клімат і культура Паўднёва-Ўсходняй Азіі, шмат новых рэчаў адкрываеш для сябе, калі падарожнічаеш або наведваеш краіны далёка ад дома. Было яшчэ некалькі паездак на два-тры месяцы, але апошняе знаходжанне ўжо доўжыцца два гады.

«НН»: Камбоджа — вельмі карумпаваная краіна. Ці цяжка адкрыць там замежніку бізнэс?

Аляксандр: Так і ёсць. Карупцыя квітнее. Адпаведна, усе пытанні вырашаюцца з дапамогай хабараў. Мне асабіста не даводзілася даваць «на лапу», акрамя нейкіх мінімальных пабораў за аказанне паслуг. Напэўна, проста шанцавала, але, прызнацца, і я стараюся не сунуць нос, куды не трэба. З нашым фітнэс-клубам пакуль усё добра, але кожны разумее, што рана ці позна да нас нехта прыйдзе.

Адкрыццё бізнэсу ў Камбоджы — гэта пытанне наяўнасці грошай, але іх не трэба так шмат, як, напрыклад, у Беларусі ці Заходняй Еўропе. Ва ўсякім разе пакуль што.

Ангкор, Камбоджа. Усе фота са старонкі Аляксандра «ВКонтакте»

«НН»: Што тычыцца знаходжання ў краіне: як зрабіць бізнэс-візу?

Аляксандр: Бізнэс-візу можна атрымаць пры ўездзе ў краіну на мяжы, умоўна абгрунтаваўшы яе атрыманне і заплаціўшы дадаткова 5—10 даляраў. Падаўжаць яе можна штомесяц, штоквартальна або штогод за адэкватны кошт. На дадзены момант гэта даволі проста.

«НН»: З якімі цяжкасцямі прыйшлося Вам, як саўладальніку, сутыкнуцца?

Аляксандр: Пры адкрыцці фірмы, можна сказаць, цяжкасцяў не ўзнікала. Я і два мае партнёры родам са Штатаў апынуліся ў патрэбны час у патрэбным месцы — банальна купілі гатовы бізнэс. Рэгістраваць кампанію таксама не давялося, бо ў аднаго з саўладальнікаў ёсць ліцэнзія. У мясцовай бухгалтэрыі нічога складанага няма, калі не запускаць улік і мець спецыяльнае праграмнае забеспячэнне. Наш від дзейнасці пакуль не абкладаецца падаткам, але ўсё можа хутка памяняцца.

«НН»: Вашы партнёры — амерыканцы. Як удаецца працаваць з замежнікамі?

Аляксандр: Так, як я казаў, маімі партнёрамі і сябрамі з’яўляюцца двое грамадзян ЗША, якія ўжо працяглы перыяд пражываюць у Камбоджы. Замежнікі мне падабаюцца, хоць мець партнёраў заўсёды нялёгка. Але ўсё ж такі, калі мяне паставяць перад выбарам — «нашы» людзі ці «чужыя», то хутчэй за ўсё буду працаваць з замежнікамі.

«НН»: Бізнэс разлічаны на заходніх турыстаў ці мясцовыя таксама Ваша мэтавая група?

Аляксандр: Наш фітнэс-клуб адкрыты для ўсіх ахвотных, але кошт трэніровак для грамадзян Камбоджы і замежнікаў адрозніваецца шматкроць. Адпаведна, і прыбытак ад трэніровак мясцовых супастаўны з продажам пітной вады ў зале.

«НН»: Лічыце сябе з партнёрамі паспяховымі прадпрымальнікамі?

Аляксандр: Наш клуб пакуль прыносіць сціплыя даходы. Лічу, што гэтага пакуль не дастаткова на трох саўладальнікаў. Але я разглядаю бізнэс не толькі як крыніцу грошай, але і як клуб па інтарэсах. Зала аб'ядноўвае людзей у свайго роду тусоўку. Канкурэнцыя пакуль не высокая, ёсць яшчэ пару невялікіх залаў, якія нам не перашкаджаюць. На мой погляд, наш клуб пакуль па-за канкурэнцыяй ва ўсёй правінцыі, але гэта таксама пытанне часу. Я не здзіўлюся, калі заўтра, праз дарогу ад нашага фітнэс-клуба, хтосьці мясцовы пабудуе дакладную копію аж да шыльды і рэкламных банераў. Мясцовыя вельмі спрытна капіююць любы бізнэс, скідаючы цэны да мінімуму. Ім не столькі важна зарабіць грошы для развіцця ўласнай справы, колькі пракарміць сябе і паказаць сваю значнасць.

«НН»: Якія сярэднія заробкі ў вашых супрацоўнікаў і ў цэлым па краіне?

Аляксандр: На дадзены момант у нас толькі адзін наёмны работнік, ён выконвае ролю прыбіральніка і рэсэпшыяніста адначасова. Мы плацім яму 100 даляраў у месяц за няпоўны працоўны дзень, і калі ўсё добра, то яшчэ бонус ад 10 да 20 працэнтаў. У цэлым па краіне мінімальная зарплата будзе ў раёне 30 даляраў, а сярэдняя — каля 80.

«НН»: Вы паездзілі па Паўднёва-Усходняй Азіі: дзе самыя лепшыя ўмовы для вядзення бізнэсу і жыцця?

Аляксандр: Акрамя Камбоджы, я пражываў яшчэ ў Тайландзе. Там яшчэ складаней і даражэй. Неверагодна высокая канкурэнцыя і празмернасць прапаноў у любой сферы дзейнасці. Даводзілася яшчэ бываць у Малайзіі. Пасля наведвання гэтай краіны склалася ўражанне, што ўсе там вельмі законапаслухмяныя. Але, адпаведна, выконваць усе гэтыя правілы вельмі складана, і аналагічныя паслугі даражэйшыя.

Што тычыцца Камбоджы, то, як сказаў мой амерыканскі партнёр і прыяцель: «Вельмі цяжка стаць багатым у беднай краіне». Ніхто не жадае марнаваць грошы ў заведама беднай краіне, незалежна ад якасці тавараў або паслуг.

«НН»: Якія Вашы асабістыя выдаткі: арэнда жылля, харчаванне, транспарт? Ці маеце іншыя крыніцы заробку?

Аляксандр: Адна з маіх крыніц заробку — анлайн-покер. Мінулы год для мяне быў вельмі ўдалым, бо я зарабіў прыкладна ў два разы больш, чым мог бы зарабіць у Беларусі на даволі прыстойнай пасадзе ў буйной кампаніі. У гэтым годзе не ўсё складваецца так добра, але гэта рызыкі, звязаныя з маім асноўным відам дзейнасці, і я гатовы да іх. Яшчэ я здаю кватэру ў Мінску — гэтых грошай мне хапае на арэнду дома тут. Харчаванне, як ні дзіўна, самы вялікі артыкул выдаткаў для мяне. Харчавацца ў кавяраньках выходзіць танней, чым гатаваць дома. Але ў грамадскім харчаванні ёсць вялікая рызыка падхапіць паразітаў або з'есці штосьці нясвежае. За ўвесь час пражывання ў Азіі сур'ёзных атручванняў я не ўзгадаю, але вось з паразітамі даводзіцца змагацца пастаянна. Выдаткі на транспарт мінімальныя, асабліва калі ёсць свой мапед.

Дом Аляксандра ў Сіэмрэапе.

«НН»: Якія планы на будучыню?

Аляксандр: Хацелася б пачаць атрымліваць дывідэнды ад укладзеных сродкаў і часу ў наш бізнэс. Таксама хацеў бы паспрабаваць гандаль праз інтэрнэт і, магчыма, трэйдарства.

Фарыд Беррашэд