Граблі гісторыі. Слуцкая рэспубліка

25.11.2014 / 10:46

Адной з найяскравейшых старонак барацьбы беларускага народа за ўласную дзяржаўнасць у найноўшай гісторыі Беларусі з’яўляецца Слуцкае паўстанне, якое паказала ворагам беларушчыны, што на нашых землях усё далёка не проста, а беларусы – гэта хай сабе і маўклівы, але спраўны народ. Пры нагодзе могуць і стукнуць, прычым стукнуць так, што будзе доўга балець.

Існуе меркаванне, паводле якога паўстанні ў першую чаргу ўздымаюцца на пладавітых землях, там, дзе людзям ёсць што страчваць і за што змагацца. Маўляў, людзьмі найперш рухае эканоміка, а ўсё астатняе ўжо потым. Случчына, на землях якой і разгарнуліся асноўныя дзеянні, была акурат такім рэгіёнам.

Знакаміты навуковец Аркадзь Смоліч у сваёй фундаментальнай манаграфіі «Географія Беларусі», якая пабачыла свет у 1919 годзе, так пісаў пра гэты рэгіён: «Слуцк — найзначнейшае места ў зямлі дрыгавічоў, адзін са старэйшых беларускіх гарадоў, перахаваўшы да таго ж шмат памятак мінуўшчыны. Цяпер Слуцк мае каля 18 тыс. насялення. Да апошніх часоў гэта было ціхае места. Значная частка яго жыхараў займаецца гаспадаркаю. Асабліва славіцца Слуцк сваймі гародамі і садамі. З слуцкіх садоў выйшаў вядомы сорт ігруш – Слуцкія Бэры. Нядаўна ў Слуцк праведзена чыгунка, і места значна аджыло».

Але Случчына жыла не аднымі садамі ды гародамі. Беларускае адраджэнне ў пачатку стагоддзя закранула гэты рэгіён і пакінула на ім моцны адбітак. Магчыма, менавіта таму першая беларуская гімназія на Беларусі адчыніла свае дзверы ў 1917 годзе не дзе-небудзь, а менавіта ў Слуцку.

У 1919–1920 гадах тэрыторыю рэгіёна кантраляваў Беларускі нацыянальны камітэт Случчыны, які вырашаў усе важныя пытанні пачынаючы ад культуры і заканчваючы кааперацыяй. Камітэт фактычна быў органам мясцовага самакіравання. Больш за тое, улічваючы той факт, што ў яго мясцовыя свабодна выбіралі сваіх прадстаўнікоў, можна з упэўненасцю казаць аб дэмакратычным характары гэтага органа. Ён быў ліквідаваны бальшавікамі ў ліпені 1920 года, і на яго места прыйшлі чырвоныя саветы са сваёй намінальнай выбарнасцю. Такі парадак случчакі прыняць не маглі, ды і не збіраліся, тым больш што хутчэй за ўсё яны добра ведалі пра жорсткія метады, якімі чырвоныя падаўлялі любое іншадумства і супраціў. У тым жа ліпені 1920 года ў Койданаве была абвешчаная Коўданаўская Незалежная Рэспубліка, якая праіснавала ўсяго 4 дні.

Скарыстаўшыся зручным момантам – часовым перамір’ем паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, – случчакі пачынаюць падрыхтоўку да фармавання цывільных органаў кіравання, міліцэйскіх атрадаў і вайсковых адзінак. Паводле мірнай дамовы, падпісанай паміж палякамі і бальшавікамі 12 кастрычніка таго ж года, баявыя дзеянні спыняліся, а варагуючыя бакі развяла дэмаркацыйная лінія Кіевічы–Лань, нейтральная зона якой закранала ў тым ліку Слуцк і прылеглыя населеныя пункты. Паводле дамовы палякі павінныя былі пакінуць горад бальшавікам, якія мусілі яго вось-вось заняць. Случчакі вырашылі правільна скарыстацца шанцам, які, як вядома, выпадае толькі адзін раз.

Далейшыя падзеі развіваюцца вельмі імкліва: 14—15 лістапада 1920 года адбываецца І беларускі з’езд сялянскіх прадстаўнікоў Случчыны, на якім абіраецца Рада Случчыны з 17 чалавек на чале з Уладзімірам Пракулевічам. Большасць — беларускія сацыялісты-рэвалюцыянеры. Асноўны лозунг удзельнікаў – абвяшчэнне вольнай, незалежнай, дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах. Фактычна ж, случчакі падтрымліваюць урад БНР на чале з Антонам Луцкевічам.

Разам з фармаваннем органаў кіравання пачынаецца камплектацыя міліцэйскіх і вайсковых адзінак, якія, па задуме арганізатараў, павінныя стаць правобразам будучага беларускага войска і органаў правапарадку. Сама па сабе мяцежная Случчына — гэта такая сабе не прызнаная Слуцкая рэспубліка з цалкам рэальнымі атрыбутамі ўлады.

За тры дні мабілізацыі на заклік Рады Случчыны адгукаецца каля 10 тысяч чалавек, якімі камплектуецца Слуцкая брыгада. Узначальвае яе Антон Сокал-Кутылоўскі. У сваю чаргу брыгада складалася з двух палкоў – 1-ы Слуцкі полк на чале з Ахрэмам Гаўрыловічам і 2-і Грозаўскі полк на чале з капітанам Лукой Семенюком, а таксама кавалерыйскім аддзелам. Як любая вайсковая адзінка, Слуцкая брыгада мела ўласную выведку і контрвыведку, якая вяла няспынную барацьбу з вонкавымі і ўнутранымі ворагамі новапаўсталай рэспублікі. Узбраенне і экіпіроўка стральцоў, як можна здагадацца, былі далёка не найлепшымі.

Афіцыйнай датай Слуцкага паўстання прынята лічыць 27 лістапада, калі пачаліся першыя баі паўстанцаў з наступаючай Чырвонай арміяй. Цягам месяца дрэнна апранутыя, пазбаўленыя нармальнай зброі, харчавання, медыкаментаў ды іншых рэчаў першай неабходнасці, паўстанцы стрымлівалі сілы бальшавікоў, што колькасна і якасна іх пераўзыходілі. Мясцовае насельніцтва як магло падтрымлівала сваіх.

Але лёс паўстання быў вырашаны. Шанцаў на перамогу ў 10 тысяч беларускіх герояў не было і быць не магло, бо такія невялікія вайсковыя адзінкі не маглі доўгі час супраціўляцца чырвоным полчышчам. Ужо 28 снежня Слуцкая брыгада, выканаўшы загад кіраўніцтва, перайшла раку Лань на польскі бок, дзе была раззброеная і інтэрнаваная ў спецыяльны лагер. Некаторыя з паўстанцаў пасля будуць негалосна выдадзеныя савецкаму боку.

Але на гэтым былыя ўдзельнікі Слуцкага паўстання не спыняцца. На тэрыторыі Польшчы некаторыя з іх будуць працягваць сваю дзейнасць, змагаючыся за правы беларускага насельніцтва. Нехта ў складзе легальнай Грамады, нехта ў складзе радыкальнай КПЗБ. Нехта працягне падпольную дзейнасць на тэрыторыі Савецкай Беларусі.

Слуцкае паўстанне — спроба беларусаў узяць сабе тое, што належыць ім па праве. Гэта не просты контррэвалюцыйны мяцеж п’яных матросаў. Гэта заяўка на ўласную дзяржаўнасць. Аднойчы мне давялося паразмаўляць з бабуляй, якая нарадзілася на Уздзеншчыне ў пачатку ХХ стагоддзя. Зразумела, што яна магла шмат чаго распавесці. Памятала яна і пра падзеі восені-зімы 1920 года. Далёкая ад адукацыі і правільных вызначэнняў, бабулька называла паўстанцаў, якія «заселі ў Слуцку», не іначай як «нашымі»: гэта галоўны тэрмін у дадзенай тэме. Гэта была нашая, беларуская, Слуцкая рэспубліка.