Лукашэнка адмовіў у памілаванні Аляксандру Грунову
04.11.2014 / 11:31
Кіраўнік дзяржавы адмовіў у памілаванні асуджанаму да смяротнага пакарання 26-гадоваму гамельчуку Аляксандру Грунову.
Як паведаміў адвакат асуджанага Сяргей Красноў, справа вярнулася ў Гомельскі абласны суд з пазнакай, што Грунову адмоўлена ў памілаванні, і ўсе працэсуальныя дзеянні па абскарджанні смяротнага прысуду выкарыстаныя. Прычына адмовы ў такіх выпадках не тлумачыцца, растлумачыў адвакат.
«Мяркуючы па ўсім, прысуд у выкананне яшчэ не прыведзены, адпаведных дакументаў пакуль не паступала», - дадаў Красноў.
Аляксандр Груноў прызнаны вінаватым у забойцу гомельскай студэнткі Наталлі Емельянчыкавай. Дзяўчына загінула ў верасні 2012 года - ёй было нанесена больш за 100 нажавых раненняў. Гэта забойства Груноў здзейсніў праз год пасля адбыцця пакарання за жорсткае збіццё сужыцеля сваёй маці, у выніку якога той сканаў.
Першы смяротны прысуд Грунову Гомельскі абласны суд вынес у чэрвені 2013 года, аднак праз чатыры месяцы Вярхоўны суд Беларусі адмяніў прысуд і накіраваў справу на новы судовы разгляд у суд першай інстанцыі. У снежні 2013 Гомельскі абласны суд паўторна вынес смяротны прысуд Грунову. У красавіку гэтага года Вярхоўны суд пакінуў прысуд без змены.
Беларусь застаецца адзінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы краінай, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. Так, толькі з 1 ліпеня 2013 па 30 чэрвеня 2014-га былі вынесеныя чатыры смяротныя прысуды. Два з іх — прыведзены ў выкананне: пакараныя Рыгор Юзэпчук 1969 года нараджэння, прысуджаны да вышэйшай меры пакарання за забойства сукамерніка, і Павел Сялюн 1990 года нараджэння, асуджаны на смерць за забойства двух чалавек.