Улады Румыніі падазраюць завод «Лукойла» ў сыходзе ад падаткаў на 230 млн еўра

07.10.2014 / 01:06

Нафтаперапрацоўчы завод «Лукойла» Petrotel у румынскім горадзе Плаешці спынены праз следчыя мерапрыемствы.

«У выніку арышту, накладзенага румынскай пракуратурай на сыравіну і прадукцыю НПЗ, АТ «Петротел-Лукойл» часова спыніў вытворчую і камерцыйную дзейнасць. Дата аднаўлення вытворчасці будзе паведамлена пасля разгляду скаргі на арышт пракуратуры, пададзенай намі ў румынскі суд», — паведаміў «Ведомостям» прадстаўнік «Лукойла».

Надзвычайны пасол Расеі ў Румыніі Алег Мальгінаў заявіў, што занепакоены сітуацыяй і «той атмасферай, якая фармуецца ў сувязі з гэтай сітуацыяй». «Асаблівую трывогу выклікае тое, што ў рамках следчых мерапрыемстваў заводу запатрабавалі спыніць вытворчасць, што паставіла пад пагрозу функцыянаванне ўсяго вытворчага ланцужка кампаніі «Лукойл» у Румыніі», — гаворыцца ў заяве Мальгінава, апублікаваным на афіцыйным сайце пасольства Расеі ў Румыніі.

На мінулым тыдні стала вядома пра ператрусы ў некалькіх румынскіх офісах «Лукойлу». Агенцтва AFP са спасылкай на пракуратуру горада Плаешці паведамляла, што ператрусы прайшлі паводле справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў. «На гэтым этапе расследавання шкода ад ухілення ад выплаты падаткаў і адмывання грошай ацэньваецца ў 1,03 млрд леяў (230 млн еўра)», — казаў пракурор. Паводле звестак агенцтва, усяго было праведзена 23 ператрусы.

Кампаніі «Lukoil Europe Holdings», якая ўваходзіць у расейскі гурт «Лукойл», належыць 97,1% статутнага капіталу завода ў Плаешці. У Румыніі група валодае сеткай з 300 заправак.