Беларусы па задаволенасці жыццём адчуваюць сябе на адным узроўні з Анголай, Конга, Малаві і Чэхіяй
Самымі задаволенымі жыхарамі планеты выявіліся панамцы. Грузія і Харватыя — сярод самых нешчаслівых.
18.09.2014 / 16:11
Сацыялагічны інстытут Gallup і кампанія Healthways з ЗША апублікавалі свой штогадовы Глабальны індэкс дабрабыту (The Gallup-Healthways Global Well-Being Index), які адлюстроўвае задаволенасць насельніцтва розных краін сваім жыццём.
Індэкс дабрабыту ўпершыню быў пралічаны ў 2008 годзе і складаецца з ацэнкі жыхарамі пяці параметраў дабрабыту: ступень самарэалізацыі, сацыяльны, матэрыяльны дабрабыт, здароўе, а таксама задаволенасць сваім месцам жыхарства і яго насельніцтвам. Пры гэтым узровень задаволенасці тым ці іншым паказчыкам мае трохузроўневую градацыю.
Індэкс фарміруецца шляхам адказу рэспандэнтаў на 10 пытанняў і адлюстроўвае выключна суб'ектыўнае ўнутранае пачуццё дабрабыту, таму на вынікі могуць моцна ўплываць не аб'ектыўныя колькасныя паказчыкі, а, напрыклад, асаблівасці менталітэту жыхароў той ці іншай краіны.
Самай шчаслівай краінай у 2013 годзе стала Панама: 61% жыхароў гэтай краіны задаволеныя трыма ці больш параметрамі дабрабыту. На другім месцы знаходзіцца Коста-Рыка (44%), за ёй следуе Данія (40%), Аўстрыя (39%), Бразілія (39%) Уругвай з Сальвадорам (па 37% у кожнай краіне).
Самыя няшчасныя краіны — Сірыя і Афганістан. Толькі адзін працэнт насельніцтва там адчувае дабрабыт па трох ці больш параметрах. За імі ідуць Гаіці (3%), Дэмакратычная Рэспубліка Конга і Чад (па 5%), Мадагаскар, Уганда і Бенін (па 6%) і Харватыя з Грузіяй (па7%).
Беларусь не ўвайшла ні ў топ, ні ў анты-топ дабрабыту. Аднак беларусы ў шчасці далёкія ад панамцаў: толькі 13% насельніцтва Беларусі адчуваюць высокую задаволенасць трыма ці больш параметрамі дабрабыту з пяці. Пры гэтым найбольшая колькасць у вышэйшай ступені задаволеных беларусаў прыходзіцца на фінансавы дабрабыт: 27%. А вось з фізічным дабрабытам існуюць праблемы: толькі 11% беларусаў максімальна задаволеныя гэтым паказчыкам.
Па агульным узроўні дабрабыту Беларусь знаходзіцца на адной прыступцы з Чэхіяй, Анголай і Малаві, Конга,толькі 13% жыхароў якіх таксама задаволеныя трыма ці больш параметрамі свайго дабрабыту. У глабальнай жа перспектыве адно 17% людзей задаволеныя трыма ці больш параметрамі дабрабыту з пяці.