«Чаклун і Румба»
У кінасьметніцу дадаўся шчэ адзін беларускі фільм
Карціна Андрэя Голубева “Чаклун і Румба” – гэта “Выратаваньне жаўнера Раяна”, зьнятае цьвёрдай рукой Эда Вуда.
27.11.2007 / 21:52
Сапёр Чаклун і ягоная аўчарка Румба змагаюцца з ворагам на вайне…
Танныя вайсковыя дэкарацыі, безнадзейна састарэлы сюжэт, эксгумаваны з часопіса “Кінасцэнарыі” 20-гадовай даўніны, радыёрупар са сталёвым маскоўскім голасам – і яшчэ адна стужка на кінасьметніцы.
Дэбютная карціна Андрэя Голубева “Чаклун і Румба” – гэта “Выратаваньне жаўнера Раяна”, зьнятае цьвёрдай рукой Эда Вуда. Але “найгоршы рэжысэр усіх часоў” кусаў бы локці ад зайздрасьці. У беларускай стужцы памерлыя дрыгаюцца ў такт кардонавым дэкарацыям, заліты крывёю хірург вядзе філязофскія гутаркі, у сувязістак абавязковыя голыя ножкі, а апэратар так здымае галоўную прыгажуню – што бачныя ўсе прышчы й зморшчынкі, пісягі пад вачыма памерам з талерку, а твар сінюшны-сінюшны…
Да таго ж Чаклун упрыгожвае любую аўчарку галінкамі (!), купаецца з маладзенькім жаўнерам... Гендэрныя дасьледчыцы ЭГУ мусяць захлынуцца ад шчасьця, але Андрэй Голубеў проста кіруецца каляніяльнай лініі. Фільмы Беларусі павінны быць благімі і правінцыйнымі. Яшчэ ў дыплёме “Казанова”, які ня быў такім кепскім, галоўныя героі – жаўнеры, мясцовыя жыхары – так, дзеля экзотыкі.
У “Чаклуне і Румбе” – галоўная роля – актору расейскаму, беларускія выканаўцы Зоя Белахвосьцік і Ўладзімер Мішанчук – на эпізодах. Хрыпіць і давіцца радыёрупар: “Гаворыць Масква! Гаворыць…”
Кашляе недаробленая да прэм’еры стужка, нясуць штрафбатаўцы дамавіны-лодкі, крычаць ад шчасьця падстрэленыя.
Хачу гэтую трэшуху сабе ў калекцыю!
Ды толькі каму гэтае дабро трэба?