Фільм пра палескую сьвятасьць

Адбылася прэм’ера новай карціны Галіны Адамовіч.

23 сакавіка ў менскім кінатэатры «Цэнтральны» была рэпрэзэнтаваная новая дакумэнтальная стужка Галіны Адамовіч «Завядзёнка».

06.04.2006 / 23:20

23 сакавіка ў менскім кінатэатры «Цэнтральны» была рэпрэзэнтаваная новая дакумэнтальная стужка Галіны Адамовіч «Завядзёнка».

Кароткі фільм зь дзвюх частак здымаўся на Палесьсі, героі – сям’я Івана і Тацяны Слуцкіх зь вёскі Старына. У іх 12 дзяцей, 9 унукаў – і гаспадарка з чатырма каровамі й цяжкавіком.

Але фільм далёкі ад афіцыёзнага кічу ці этнаграфічнае замалёўкі. Ён – пра сьвятасьць штодзённасьці і клапатлівую прысутнасьць сакральнага. Побытавыя справы, гаспадарка, кухня асьвечаныя цяплом і любоўю; турботы дня засьпяваюць гаспадыню ў царкве, а твары дзяцей зьзяюць, як жывыя абразы.

У фільме няма «прыгодніцкага» сюжэту (з галоўных падзей – вясельле), адсутнічае тлумачальны дыктарскі тэкст і амаль няма словаў. Стужка ёсьць самім жыцьцём, працятым спагадаю і любоўю.

Пекныя кадры ад Тацяны Логінавай, музыка Івана Кірчука і шумавая партытура Сяргея Сіняўскага даводзяць маленькі шэдэўр да бляску.

З карцінаю «Божа мой» «Завядзёнка» складае дылёгію. Старая зь фільму «Божа мой» – скульптарка з каталіцкае вёсачкі. Сваімі творамі яна вырываецца са штодзённасьці – для нябёсаў. А Тацяна Слуцкіх з праваслаўнага Старына раскрывае нам сьвятасьць штодзённае завядзёнкі. «Штодзённыя» фільмы творцы таксама ёсьць «завядзёнкаю», якая струменіць жывой вадой і праўдай, якой нам так не хапае.

Андрэй Расінскі