«Залаты век»
Касьцюмны фільм пра каралеву Елізавету І
Кейт Бланшэт, шаты і дзівосныя ракурсы
20.11.2007 / 22:39
Эпоха Елізаветы І. Наймагутнейшая краіна сьвету Гішпанія марыць скінуць каралеву-герэтычку, ангельскія піраты рабуюць гішпанскія караблі, а сама каралева захапляецца марскім авантурнікам Ўолтэрам Рэйлі. Жанчына, ваяр, каралева – прывядзе Англію да вяршыняў славы…
Рэжысэр Шэкхар Капур нанава адкрыў елізавецінскую тэму ў кіно. Ягоная стужка “Елізавета” інтрыгоўна й выкшталцона паказала пачатак цараваньня слыннае каралевы, а актрыса Кейт Бланшэт адразу сталася знакамітай.
Капур выкарыстоўвае выйгрышную тэму – і дадае новыя стылёвыя элемэнты.
Стрыжань карціны – Кейт Бланшэт – велічная, прыгожая, стрыманая. Каралева, якая пакутуе ад чалавечай самоты – і царуе на карысьць свайго народу. Джэфры Раш (у ролі дарадцы Ўолсінгэма) і Саманта Мортан (Марыя Сьцюарт) – упрыгожваюць стужку акторскай гульнёй.
Але сюжэт слабейшы за папярэднюю стужку, ня ўсе характары паўнакроўныя дый гісторыкі шакаваныя недакладнасьцямі. Капур робіць акцэнт на шатах, колерах, ракурсах.
Дзівосны рух камэры сам стаецца героем. Камэра круціцца вакол каралевы, глядзіць празь люстэркі, заслоны й шыбы. Часам гэта залішне, часам густоўна, а часам працінае манумэнтальнай веліччу… і шчымлівым спачуваньнем.
Блакітныя, зялёныя, чырвоныя колеры. Героі пераўтвараюцца ў фігуры на шахматных дошках. Дзіўныя арнамэнты, дзе чалавек – частка цэлага зьмяняюцца шыкоўнымі кадрамі з каралеваю на кані. Гарыць Непераможная Армада, вецер разьвівае каралеўскія шаты.
Залаты век пачынаецца…
Сэансы ў менскіх кінатэатрах.