«Я абслугоўваў ангельскага караля»

Апошні фільм Іржы Менцэля

Чэскі клясык трымае марку, хаця й не зьдзіўляе новымі вынаходкамі.

20.11.2007 / 20:33

Я абслугоўваў ангельскага караля (Obsluhoval jsem anglickeho krale)
Чэхія – Славакія, 2006. каляровы, 120 хв.
Рэжысэр: Іржы Менцэль
Ролі выконваюць: Іван Барнэў, Олдржых Кайзэр, Юлія Енч, Марцін Хуба, Марыан Лабуда, Мілан Ласіца, Ёзэф Абрхам, Іржы Лабус
Жанр: Гістарычная трагікамэдыя паводле раману Багуміла Грабала й сцэнару Іржы Менцэля
Прызы: Прыз “ФІПРЭСІ” Бэрлінскага кінафэсту, Чэскія ільвы за найлепшы фільм, найлепшую рэжысуру, найлепшую апэратарскую працу
Адзнака: 6,5 (з 10)

Малады хлапец распачынае кар’еру ў перадваеннай Чэхаславаччыне. Узьлёт адбудзецца ў часы акупацыі, калі героя прызначаць афіцыянтам у нацысцкі цэнтар па ўзнаўленьню арыйскай расы…

Клясык чэскага кіно Іржы Менцэль хаця й не зьдзіўляе вялікімі вынаходкамі, але годна трымае марку свайго гумарнога стылю. Трагікамічныя недарэчнасьці, пацешны мантаж палюбоўных сцэнак – і вайскова-ідэалягічных практыкаваньняў, прыватны чалавек – у жорнах гісторыі, які зь лёгкасьцю абмінае ўсе пасткі – і ставіць пад пытаньне сур’ёзнасьць вялікіх падзей.

Менцэль іранізуе над усялякім патасам, а сямейныя абавязкі пад партрэтам Адольфа Гітлера – адзін з сама сьмешных зьдзекаў над нацыянал-сацыялізмам у гісторыі кіно.

Лёгкая пачуцьцёвасьць, неглямурная эротыка, цёплы гумар Багуміла Грабала – прыйдуцца даспадобы аматарам добрага эўрапейскага кіно.

Сэансы ў кінатэатры "Перамога".

Таксама на экранах "Загана на экспарт".

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы