Аляксандр Лукашэнка стаў ахвярай тэлефоннага розыгрышу
За сына Віктара Януковіча выдаў сябе, імаверна, расійскі пранкер Ваван.
17.06.2014 / 09:07
Голас, падобны да голаса Аляксандра Лукашэнкі, доўга размаўляе з маладым чалавекам, які выдае сябе за Віктара Віктаравіча Януковіча — сына былога прэзідэнта Украіны, які збег у Расію.
Запіс размовы быў размешчаны ў інтэрнэце.
Мяркуючы па запісе, пранкер патэлефанаваў Лукашэнку і, назваўшы сябе сынам збеглага прэзідэнта Украіны, спытаў, ці можа Віктар Януковіч пераехаць з Расіі ў Беларусь. Сёння запіс быў выкладзены ў інтэрнэце.
Пранкера з Лукашэнкам звязаў ад'ютант. Голас і манера размовы Аляксандра Лукашэнкі непаўторныя і наўрад ці хто можа іх так падрабіць.
Калі факт розыгрышу сапраўды быў, гэта вялікі промах памочнікаў кіраўніка Беларусі.
«Я пра што хацеў пагаварыць. З нагоды таго, што цяпер у бацькі сітуацыя трохі не вельмі добрая, самі разумееце. І ці можна вырашыць пытанне — гэта запасны план — пераехаць да вас на нейкі час, калі такая сітуацыя будзе неабходная?» — спытаў у ходзе тэлефоннай размовы пранкер ад імя Януковіча-малодшага.
Ён патлумачыў, што ёсць небяспека выдачы Януковіча Расіяй Украіне ў рамках нейкай здзелкі.
Лукашэнка ў адказ запэўніў, што былы кіраўнік Украіны можа прыехаць у Беларусь у любы час.
«Вы, напэўна, маё публічнае выступленне прапусцілі ў гэтым плане, калі мяне ў Кіеве пачалі журналісты дапытваць з нагоды Януковіча: дасце вы яму палітычны прытулак ці не. Ён, ведаеце, мяне не прасіў пра гэта, па-першае. Па-другое, ён ніякі не бежанец і нікуды бегаць не збіраецца. І па-трэцяе, кажу, не забывайце, што яго карані ў Беларусі і аж да таго, што там ёсць яго вёска. Таму калі ён вырашыць вярнуцца ў сваю вёску, ці назаўжды, што малаверагодна, я не асмелюся супярэчыць», — адказаў на гэта Лукашэнка.
«Я проста баюся, што яны там могуць расправіцца з ім без суда і следства», — сказаў пранкер.
«Гэта супярэчыць маім прынцыпам, — адказаў на гэта Лукашэнка. — Ніякай расправы над Януковічам быць не можа. Яны няхай дзякуй яму скажуць, што ён ім галовы не падкручваў усім. Чаго не рабіў Януковіч, гэта ён не загадваў ніколі адкрываць стральбу», — кажа голас Лукашэнкі.
Не збянтэжыла яго і абяцанне пранкера падарыць яму адзін з залатых батонаў з Міжгор'я. Ён прыняў гэта за жарт.