Штурм віленскага тэлецэнтра: гісторыя хлусні і прапаганды

22.06.2014 / 08:34

Увесну Камісія па радыё і тэлебачанні Літвы пастанавіла забараніць на тры месяцы вяшчанне расійскага тэлеканала «НТВ Мир».

Прычынаю стаў паказаны дакументальны фільм Аляксандра Сладкова «Прысуджаныя: капкан для групы «Альфа».

У фільме праводзіліся паралелі між падзеямі на кіеўскім Майдане і каля віленскай тэлевежы ў 1991. Амерыканская выведка, даводзяць аўтары фільма, спланавала дзве аднолькавыя аперацыі, і ўсе ахвяры былі забітыя снайперамі, якія дзейнічалі пад кіраўніцтвам лідараў апазіцыі.

Галоўная ідэя фільма — «Правы сектар» у Кіеве страляў па сваіх дзеля правакацыі, а апісанне падзей каля віленскай тэлевежы было ў фільме нібыта ў даважку.

Хоць большая палова стужкі якраз была прысвечаная Вільні­-1991. Там было 14 забітых і 600 параненых, пры гэтым, у адрозненне ад кіеўскіх падзеяў, не засталося відэадакументаў, па якіх было б бачна, хто і адкуль страляў. Дагэтуль невядомыя акалічнасці гібелі большасці ахвяраў. Гэта з самага пачатку стварала глебу для хлусні.

Адразу пасля трагедыі партыйныя дзеячы і тыя, хто камандаваў аперацыяй — першы сакратар Кампартыі Літвы Буракявічус, сакратар па ідэалогіі ЦК КПЛ Ермалавічус, камандуючы віленскім гарнізонам Усхопчык і рэдактарка газеты «Літва Савецкая» Юонене, — звалілі ўсю віну на абаронцаў тэлецэнтра: маўляў, у іх там і зброя была, і кактэйлі Молатава…

Ларэта, забітая танкам

Болей ці меней былі вядомыя акалічнасці гібелі толькі 23­-гадовай Ларэты Асанавічуце, адзінай жанчыны з ахвяраў штурму.

Дзяўчына, пахаваная ў шлюбным уборы, стала ў незалежнай Літве сімвалам мірнай барацьбы літоўскага народа з савецкім таталітарным рэжымам, як і ковенскі студэнт Ромас Каланта, які спаліў сябе ў знак пратэсту супраць русіфікацыі і савецкай акупацыі Літвы. Імем Асанавічуце названая вуліца ў Вільні, яе імя і фота ідуць заўсёды першымі ў спісах ахвяр «Студзеньскіх па­дзей». У адрозненне ад іншых загінулых, Асанавічуце пасля атрымання траўмаў ля тэлецэнтра доўгі час знаходзілася ў прытомнасці (і, верагодна, выжыла б, каб не аўрал, які панаваў у хірургічным аддзяленні віленскага «Чырвонага Крыжа» пасля «навядзення канстытуцыйнага парадку» — 600 параненых за ноч), адказвала на пытанні, што задакументавана на відэазапісах.

Паводле версіі паўстанцаў, якая цяпер з’яўляецца афіцыйна прынятай у Літве, Асанавічуце на момант атрымання траўмаў была ўжо па­-за ачапленнем, як і іншыя жанчыны і дзеці, якія выйшлі за ланцуг абаронцаў вежы і проста стаялі і скандавалі лозунгі, замінаючы танкам пад’ехаць да ачаплення (адпаведна, не магла з’яўляцца камбатантам, нават калі прыняць версію Усхопчыка і іншых, што хтосьці там аказваў узброены супраціў).

Танк прыціснуў яе бортам, а затым працягнуў уздоўж агаро­джы.

У выніку дзяўчына атрымала пералом крыжа і костак таза, разрывы скуры і цягліц, множныя кровазліцці ў тазавай вобласці і чэраўнай паражніне, разрыў лоннага зрашчэння і брушыны… Яна была дастаўленая ў бальніцу ў прытомнасці, была здольная назваць сваё імя і адрас, пыталася ў дактароў, ці зможа мець дзяцей пасля такіх траўмаў. Той жа ноччу была праапераваная, а рана ранкам памерла ад унутранага кровазліцця.

Пашкожданні, характэрныя для траплення пад цяжкі транспартны сродак, таксама меліся ў траіх загінулых: Янкаўскаса, Кавалюкаса і Шымулёніса. Аднак члены Камітэта нацыянальнага выратавання — неканстытуцыйнага органа ўлады, які спрабавалі стварыць прыхільнікі захавання Літвы ў складзе СССР — з першага дня сцвярджалі, што пад танк трапіла адна Асанавічуце.

«Прадалі труп дачкі за бутэльку»

Спачатку была прыдуманая зусім брыдкая версія: маўляў, Асанавічуце была з сям’і алкаголікаў, памерла з перапою, бацькі яе цела падклалі пад трактар і ў знявечаным выглядзе падкінулі да тэлецэнтра, атрымаўшы за гэта грошы на гарэлку ад лідара партыі «Саюдзіс» Ландсбергіса. Тым часам з характарыстык вядома, што Асанавічуце наогул не піла і на швейнай фабрыцы, дзе працавала, удзельнічала ў гуртку мастацкай самадзейнасці «Dainavos», з якім аб’ездзіла паў­СССР. Бацькі яе жывыя і цяпер, маці, Стасю, часта паказваюць па тэлебачанні, і яна не стварае ўражання алкагалічкі.

Загінулага Янкаўскаса таксама выстаўлялі алкаголікам, які стаяў на ўліку ў наркадыспансеры. Расказвалі, што ён трапіў побач з тэлевежай пад машыну, у п’яным выглядзе перабягаючы дарогу.

Абсурднасць версіі пра п’янства Асанавічуце вымусіла прапагандыстаў змяніць яе. Паводле новай версіі, Ларэта ў машыне хуткай дапамогі казала шафёру, што яе штурхнулі пад танк нейкія людзі, якіх яна ведала. Гэтую версію агучыла, што цікава, адно з першых расійскіх незалежных выданняў «КоммерсантЪ». З’явіліся падрабязнасці: быццам Усхопчык папярэджваў у мегафон, каб людзі адышлі ад агароджы, бо танкі ідуць усляпую, а Асанавічуце і яе сяброўка сядзелі на агароджы і не паслухаліся. Пасля танк зачапіўся за плот, і абедзве ўпалі проста пад гусеніцы. Толькі паводле той сяброўкі, Тручыляўскайце, дзяўчаты не сядзелі, а стаялі каля плота. А танк, прыціснуўшы іх, здаў назад. Нібы спецыяльна часаў па плоце, каб скалечыць.

Не той калібр

Што да ахвяраў з агнястрэльнымі раненнямі, дык Усхопчык і цяпер адстойвае версію, што трупы звезлі ў бальніцу з усёй Літвы, а там ужо стралялі ў мёртвых. Другая версія была распрацаваная паралельна: паколькі ўваходныя адтуліны куляў накіраваныя зверху ўніз, у абаронцаў стралялі свае ж з тэлецэнтра. Больш лагічнае тлумачэнне ў тым, што кулі рыкашэцілі ад брыля будынка і траплялі ў цывільных асобаў, якія стаялі ў ачапленні.

У фільме Сладкова — таксама камітэцкая логіка. Калі на фота самыя першыя байцы літоўскіх сілавых структураў узброеныя вінтоўкамі Мосіна 1930­х гадоў выпуску — значыць, з іх і стралялі снайперы, якія працавалі пад кіраўніцтвам амерыканскіх спецслужбаў. Ну, усё ж, Амерыка не такая бедная краіна, каб не забяспечыць снайпераў зброяй. Дый у 91­м развал Савецкай Арміі дасягнуў такіх памераў, што можна было і танк на бутэльку абмяняць, не тое што снайперскую вінтоўку.

Але галоўнае — у лагічных нестыкоўках, якія ўзнікаюць у фільме.

Журналіст Сладкоў пераконвае, што загінулы баец «Альфы», лейтэнант Шацкіх, быў забіты ў спіну абаронцамі тэлевежы, а не сваімі ж, як даказала следства незалежнай Літвы. Маўляў, свае забіць не маглі: Шацкіх ішоў замыкаючым. Пры гэтым не аспрэчваюцца вынікі медыцынскай экспертызы, паводле якой Шацкіх забілі з АК­47, а не з мосінскай трохлінейкі. Шэраг сведкаў казалі, што ў абаронцаў вежы таксама былі аўтаматы Калашнікава. Многія сцвярджалі, што бачылі трасы ад куль з дахаў дамоў насупраць вежы, але ніводзін не казаў пра стрэлы з самой вежы. Былы супрацоўнік 6­га аддзела МУС ЛітССР Шульцас сказаў на судзе, што аператыўнікі мелі права праходзіць у кватэры цывільных асобаў і займаць пазіцыі на балконах — для аператыўнай здымкі. Можа, яны і стралялі?

Ізноў жа: калі ў абаронцаў вежы былі «калашы», навошта карыстацца для правакацыйных мэтаў вінтоўкамі Мосіна? Чаму Шацкіх забілі з АК­47, а астатніх — з трохлінеек? Калі б стаяла мэта забіць канкрэтную асобу, тут «мосінка» будзе лепей за аўтамат Калашнікава. Але, паводле фільма, стаяла задача даказаць крывавасць рэжыму і справакаваць рускі пагром і агрэсію супраць савецкіх вайскоўцаў.

Узважанасць «Саюдзіса»

Аднак і Ландсбергіс, і іншыя кіраўнікі «Саюдзіса» разумелі, што савецкае войска ўсё роўна невымерна мацнейшае за тагачасныя літоўскія сілавыя структуры, і наўрад ці яны хацелі, каб сцэнар з этнічнымі пагромамі прывёў да паўтарэння «чорнага студзеня», які быў у Баку ў 1990. Пагромаў у Літве не было ні пасля штурму тэлевежы, ні пасля Медніцкай мытні, развітанне з СССР адбылося мірна: проста з’ехалі без лішніх эмоцый тыя, хто прынцыпова не мог адмовіцца ад таго, што «іх адрес не дом і не уліца».

Кіраўніцтва «Саюдзіса» як магло пазбягала ўдзелу ў занадта радыкальных акцыях пратэсту. Па тэлебачанні сапраўды было шмат нацыяналістычных лозунгаў, але яно не заклікала літоўцаў рэзаць «рускіх акупантаў».

Перад літоўскімі нацыяналістамі стаяла пытанне аднаўлення незалежнасці, а не этнічнай чысткі. Калі б амерыканская разведка хацела рускі пагром — справакавалі б, наіўна думаць, што ў іх не мелася выхадаў на крымінальныя групоўкі («хебры») таго часу, якія складаліся з этнічных літоўцаў.

Сладкоў у сваім фільме намагаўся даказаць, што Ландсбергіс і кіраўнікі сілавых структур Літвы ўчынілі вайсковае злачынства: выставілі бяз­збройных людзей на абарону тэлевежы. Аўтар фактычна прызнаў, што мела месца вайсковая аперацыя, а не падтрымка канстытуцыйнага ці яшчэ там якога парадку, а вежа была аб’ектам непрыяцеля. Паколькі Літва на той момант афіцыйна знаходзілася ў складзе СССР, выходзіць, што Усхопчык, група «Альфа» і Камітэт нацыянальнага выратавання ваявалі з уласным народам. Што на самай справе і было. І, адпаведна, Літва справядліва патрабуе ад Беларусі выдачы вайсковых злачынцаў.

 Раман Мамчыц