Заўтра могуць спыніць міліцэйскі нагляд над Змітром Дашкевічам
04.06.2014 / 17:05
Пра гэта сустаршыні «Маладага фронту» паведаміў інспектар міліцыі Першамайскага раёна Мінска. «Патэлефанаваў, сказаў, што заўтра адбудзецца суд. Кажа, што падрыхтавалі дакументы аб спыненні нагляду супраць мяне», - кажа Дашкевіч.
Тэрмін дзеяння нагляду сканчваўся 28 мая, аднак 29-га міліцыя завітала ў госці да Змітра. «Мяне не было дома, быў на працы. Не ведаю, чаму яны прыходзілі. Можа, па інэрцыі. Было крыху дзіўна, што не дасылалі ніякіх павестак, бо проста так нагляд спыніць не могуць, толькі пасля рашэння суда».
28 жніўня 2013 года палітвязень Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю з гродзенскай турмы №1 пасля амаль трохгадовага зняволення нібыта за «асабліва злоснае хуліганства». Прэвентыўны нагляд за ім быў замацаваны на шэсць месяцаў, пасля тэрмін падоўжылі яшчэ на тры.
Увесь гэты час Дашкевіч абавязкова павінен быў знаходзіцца па месцы жыхарства ў перыяд ад 20 вечара да 6 раніцы. У любы дзень і ноч да яго маглі прыйсці з праверкай.