Цешча Лукашэнкі пра сваю ролю ў яго кар'еры: Я бачыла яго здольнасці, раіла паступаць на гістфак»

28.05.2014 / 20:44

У вёсцы Вялікі Мяжнік, за паўтара кіламетра ад малой радзімы Лукашэнкі — Александрыі — вось ужо 40 гадоў жыве цешча прэзідэнта Алена Фёдараўна Жаўняровіч, аб цёплых адносінах з якой нядаўна Лукашенка распавёў у інтэрв'ю тэлеканалу «Дождж».

«Фёдараўна для мяне — сябар чалавека, як я ёй заўсёды кажу. (…) Гэта для мяне другі чалавек пасля маці. Калі б не яна, то я прэзідэнтам бы не быў», — падзяліўся Лукашэнка Ксеніі Сабчак.

85-гадовая Алена Жаўняровіч распавяла TUT.BY, што працавала завучам ў Александрыйскай школе, а Аляксандр Лукашэнка быў вучнем:

«Добры быў вучань, стараўся, працаваў, паступіў у інстытут. Ну, вядома, старалася я яму дапамагчы, раіла, куды паступаць. Ён спачатку хацеў журналістам быць, а потым я кажу: «Ідзі на гістфак, ідзі на гістфак», таму што ён любіў гісторыю. Я бачыла яго здольнасці, казала, што гэта добрая прафесія для мужчыны, будзеш працаваць дырэктарам у школе».

Паводле словаў цешчы Лукашэнкі, не так добра даваліся яму фізіка і матэматыка: «Але я вам скажу, што ён скончыў 10 класаў з адной чацвёркай».

«А як Саша вучыўся? Ён хадзіў і грузіў, падзарабляў. Са школы прыходзіў і хадзіў да маці кароў даіць, дапамагаў, яна даяркай была.

А зараз, я вам скажу, гэта не ў крыўду вам, моладзь распушчаныя. Ім тэлефон на вуха, машыну…» – падзялілася набалелым Алена Фёдараўна.

Яна лічыць, што менавіта вучоба ў педінстытуце дапамагла зяцю ў зносінах з людзьмі. Хоць любоў да выступленняў, успамінае цешча, у яго была яшчэ ў школе: «Ён быў заўсёды вядоўцам на школьных вечарах. Быў членам камітэта камсамола, заўсёды падвяргаў крытыцы вучняў, якія дрэнна займаліся».

Цешча Лукашэнка сама адпрацавала ў школе 40 гадоў — выкладала беларускую мову.

З 89-га года на пенсіі, але дагэтуль памятае той час, калі яе старэйшая дачка Галя і будучы зяць Саша пачалі сустракацца. Яны разам вучыліся ў школе, з розніцай у адзін год: ён — у 10-м класе, а Галіна — у 9-м.

Калі Аляксандр паступіў у інстытут, Галіна паехала ўслед за ім — таксама выбрала гістфак.

«Яны разам на лекцыі хадзілі, разам ездзілі ў калгас, калі пасылалі. І часта да нас прыязджалі», — распавяла Алена Фёдараўна.

Фото: kp.by

— А потым якімі былі адносіны, калі пажаніліся?

— Ён працаваў у Таварыстве ведаў (адказны сакратар раённай арганізацыі таварыства «Веды» ў Шклове. — TUT.BY), а яна — у дзіцячым садку. Калі ў школе працаваў у Александрыі, заставаўся ў мяне тут часта. Я яму пячэнне пякла. Добра мы жылі, дружна.

— Вам не шкада Галіну Радзівонаўну?

— Не. Ён дапамагае ёй, паважае, лічыць яе прыстойнай жанчынай, самастойнай. Яна жыве ў Александрыі, але вельмі часта ездзіць у Мінск. Яна і сёння паехала — там жа ў яе дзеці, там яны сустракаюцца. І Коля, і Галя, і Дзіма, і Віця — яны там усе разам.

***

Муж Алены Фёдараўны памёр ужо даўно — доўга лячыўся ад бранхіяльнай астмы, а потым раптам яго не стала. Ужо 31 год жыве адна. Бацькоўскі дом у Вялікім Межніку стаў для яе родным. Пераехала ў гэтыя сцены яна 40 гадоў таму.

Поўны тэкст інтэрв'ю з Аленай Фёдараўнай Жаўняровіч чытайце на сайце TUT.BY.