Гендырэктара «Барысаўдрэва» ўзялі пад варту

13.03.2014 / 19:31

Лукашэнка падчас наведвання «Барысаўдрэва», гендырэктар — злева, фота БелТА

Крымінальная справа заведзена адносна гендырэктара ААТ «Барысаўдрэў», паведамілі БелТА ў аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Справу завялі па ч.3 арт.424 КК (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі). «Ён узяты пад варту. Накладзены арышт на яго маёмасць», — растлумачылі ў СК.

Паводле звестак праваахоўнікаў, сваімі дзеяннямі гендырэктар прычыніў цяжкія наступствы дзяржаўным інтарэсам «у ходзе выканання мерапрыемстваў па мадэрнізацыі, што праводзіцца на прадпрыемстве».

8 лістапада 2013 года Аляксандр Лукашэнка наведваў прадпрыемства і быў абураны сарванымі тэмпамі мадэрнізацыі. Тады кіраўнік дзяржавы публічна абвясціў, што звальняе дырэктара, а кіраваць прадпрыемствам прызначае экс-кіраўніка Міншчыны Барыса Батуру.

На новую пасаду Батура мусіў заступіць праз тры дні. Аднак, як паведамляла Еўрарадыё, гэтае прызначэнне адбылося толькі вусна. Батура сышоў на пенсію, а малады дырэктар Уладзімір Мальцаў заставаўся кіраўніком.