Заява Рады БНР наконт апошніх падзей ва Украіне

03.03.2014 / 13:58

Заява Рады БНР з нагоды небясьпекі ўзброенага канфлікту на тэрыторыі Ўкраіны

3 сакавіка 2014 г.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі,

Зважаючы на разьвіцьцё палітычна-ваеннай сітуацыі ў адносінах Расеі і Украіны, зь якімі мае супольныя межы Беларусь;

· Беручы пад увагу дзьвубаковыя і шматбаковыя міжнародна-дамоўныя абавязкі Беларусі, а таксама абавязкі, прынятыя ад імя Беларусі ўладамі пад кіраўніцтвам А. Лукашэнкі;

· З увагі на найвышэйшыя інтарэсы Беларусі ў захаваньні сваёй нацыянальнай бясьпекі, у тым ліку аднаўленьне ў сваім рэгіёне становішча, якое выключае паўстаньне вайны;

· Вітаючы поступ украінскага народу да дэмакратыі, асацыяцыі з дэмакратычнай супольнасьцю эўрапейскіх нацыяў, і ў пазбаўленьні украінскім грамадзтвам ад наступстваў савецкага панаваньня і ў супрацьстаяньні пост-савецкай карупцыі;

· На ўнёсак Сакратарыяту Вонкавых Спраў і Сакратарыяту для справаў Абароны:

1) Вітае і цалкам падтрымлівае захады Украіны па захаваньні тэрытарыяльнай цэласьці і сувэрэнітэту перад абліччам збройнай агрэсіі.

2) Сьцьвярджае, што, праводзячы палітыку збройных авантураў, кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі засьведчыла, што Расейская Фэдэрацыя пры яе сучаснай палітычнай рэчаіснасьці ня здольная быць партнэрам у абарончым саюзе, які спрыяў бы нацыянальнай бясьпецы Беларусі. З увагі на гэта і дзеля выкананьня Арт. 18 Канстытуцыі РБ, уважае неабходным неадкаладна прыпыніць дзеяньне і выйсьці з усіх угодаў з Расеяй у ваенна-палітычнай галіне.

3) Выражае заклапочанасьць з гуманітарных наступстваў збройных авантураў Крамля для народа Расейскай Фэдэрацыі.

4) Заклікае ўрады краін-падпісантаў Будапэштцкага мэмарандуму 1994 г. забясьпечыць выкананьне запэўненьняў бясьпекі, дадзеных Украіне, а таксама заклікае ўрады ўсіх краінаў-падпісантаў іншых датычных двухбаковых і шматбаковых дамоваў, Арганізацыю Аб'яднаных Нацыяў і ўсе датычныя міжнародныя арганізацыі, выканаць свае абавязкі, што неабходна для захаваньня ад разбурэньня самой сыстэмы міжнароднага права, утворанай пасьля 1945 г.

5) Выказвае засьцярогі адносна статусу і дастатковасьці Будапэшцкага мэмарандуму 1994 г. аб гарантыях бясьпекі для Беларусі. Заклікае ўсе беларускія палітычныя сілы на Бацькаўшчыне і ў замежжы далучыцца і засяродзіць працу на мэтах Мэмарандуму нарады старшыняў і кіраўнікоў беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў са Старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі «Аб захадах для забесьпячэньня незалежнасьці Беларусі» ў Вільні 3 лістапада 2012 г.

6) Зьвяртае ўвагу на небясьпеку для нацыянальных інтарэсаў Беларусі палажэньняў аб рэжыме зьнешніх межаў Эўразійскага мытнага саюзу, якія могуць быць ужыты Расеяй у якасьці інструмэнта эканамічнага або ваенна-палітычнага ціску ў канфлікце з трэцімі бакамі насуперак уласным інтарэсам Беларусі.

7) Заяўляе пра неабходнасьць расьследваньня і прыцягненьня да адказнасьці службовых асобаў, незалежна ад дзяржаўнай прыналежнасьці, за міжнародныя злачынствы супраць міру і падрыхтоўку ці замах на зьдзяйсьненьне гэткіх. Выражае заклапочанасьць часам і зьместам нядаўняга тэрміновага разглялу ўладамі начале з А. Лукашэнкам новай рэдакцыі закону аб вайсковым становішчы.

8) Сьцьвярджае, што наданьне прытулку або грамадзянства асобам, якія знаходзяцца ў вышуку Украінай за злачынныя дзеяньні падчас пратэстаў 2013-2014 гг., не павінна захоўваць юрыдычнай моцы і такія асобы павінны падлягаць экстрадыцыі новымі ўладамі Беларусі па спрошчанай працэдуры.

9) Асабліва засьцерагае паноўныя ў Беларусі ўлады ад любога наўпростага ці ўскоснага ўдзелу у расейскай збройнай авантуры супраць Украіны, у тым ліку праз дапушчэньне выкарыстаньня Расеяй беларускай паветранай прасторы. Службовыя асобы, якія бы санкцыянавалі рашэньні аб адваротным, павінны будуць быць прыцягнуты да адказнасьці за саўдзел у міжнародных злачынствах: злачынствах супраць міру, а таксама любых ваенных злачынствах, якія ў выніку імаверна могуць быць зьдзейсьнены расейскім бокам. Такія службовыя асобы будуць таксама несьці асабістую крымінальную і грамадзянскую адказнасьць за наступствы для юрыдычных і фізычных асоб у Беларусі ў выніку любога ўдзелу Беларусі ў ваеннай авантуры Расеі.

Рада БНР будзе вітаць адпаведныя дзейсныя меры міжнароднай супольнасьці па забесьпячэньні тэрытарыяльнае цэласьці і сувэрэнітэту Украіны.

Рада ўважае, што беларусы, якія вырашылі бы асабіста зрабіць любы ўнёсак у гуманітарную дапамогу ўсім пацярпелым ва Ўкраіне, а таксама любы ўнёсак у падтрымку высілкаў украінскай дзяржавы па захаваньні сувэрэнітэта і адбіцьцю агрэсіі, будуць дзейнічаць таксама і накарысьць доўгатэрміновых інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі Беларусі.