Расія зноў абвесціла Украіне татальную гандлёвую вайну

29.01.2014 / 22:24

З сённяшняга дня на ўнутраных мытных пунктах Расійскай Федэрацыі праводзіцца татальная праверка ўкраінскай прадукцыі і сітуацыя аналагічная той, якая была ў жніўні 2013 года.

Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Луганскай рэгіянальнай гандлёва-прамысловай палаты Ксенія Дзёміна.

Паводле яе слоў, з 00 гадзін 29 студзеня ўведзеныя «дадатковыя крытэрыі спрацоўвання рызык пры размытненні прадукцыі паходжаннем з Украіны».

У прыватнасці, інфармацыя аб правядзенні такіх праверак грузаў, якія ідуць з Украіны, пацвярджаецца па Белгародскай, Варонежскай і Растоўскай абласцях.

Акрамя таго, ва ўкраінскіх таваравытворцаў, якія экспартуюць сваю прадукцыю ў Расію, паўсталі праблемы па пошуку грузаперавозчыкаў і многія з іх адмаўляюцца перавозіць грузы ў РФ, паведамляе ўкраінскае агенцтва УНІАН.