"Маладая была ў чорным", "Апошняе мэтро"

Папярэдніца Ўмы Турман і тэатар у акупацыі

З рэтраспэктывы Франсуа Труфо.

09.10.2007 / 17:15

З рэтраспэктывы Франсуа Труфо.

12 кастрычніка 2007, пятніца

МАЛАДАЯ БЫЛА Ў ЧОРНЫМ (La Mariée était en noir)
Францыя – Італія, 1967, каляровы, 107 хв.
Рэжысэр: Франсуа Труфо
Ролі выконваюць: Жана Маро, Мішэль Буке, Жан-Клод Брыалі, Шарль Дэнэр, Мішэль Ландаль, Даніэль Буланжэ
Жанр: Трымценьнік паводле сцэнару Жана-Луі Рышара й Франсуа Труфо і раману Ўільяма Айрыша
Прызы: Намінацыя на “Залаты глёбус” за найлепшы замежны фільм, намінацыя на прэмію Эдгара Алана По (Франсуа Труфо і Жан-Луі Рышар)
Адзнака: 9,5 (з 10)

Маладая (Жанна Маро) аўдавела адразу пасьля вянчаньня. Невядомыя застрэлілі ейнага мужа на царкоўным ганку. Дэпрэсія магла завершыцца самазабойствам, але гераіню выратавалі. І цяпер справа ейнага жыцьця – помста. Крок за крокам, разважліва – яна забівае кожнага зь пяці вінаватых. І нішто ня можа яе спыніць…

Задоўга да Ўмы Турман, якая з асалодаю адпомсьціла Білу, была Жанна Маро – стрыманая, пачуцьцёвая – францускі абраз незалежнага эўрапейскага кіно. Крымінальная карціна Труфо прасякнутая пяшчотай, лірызмам – і візуальнай выкшталцонасьцю.

Ляціць у паветры фата, мсьцівіца апранае касьцюм паляўнічай-Дыяны, выгінаецца чорны рот, няздольны на споведзь…

Гісторыя помсты пададзеная Труфо з тактам, болем – і адстароненым холадам.

26 кастрычніка 2007, пятніца

АПОШНЯЕ МЭТРО (Le Dernier Metro)
Францыя, 1980, каляровы, 133 хв.
Рэжысэр: Франсуа Труфо
Ролі выконваюць: Катрын Дэнёў, Жэрар Дэпард’ё, Жан Пуарэ, Андрэа Ферэоль, Полет Дзюбо, Жан-Луі Рышар, Хайнц Бенэнт, Морыс Рыш
Жанр: Драма паводле сцэнару Франсуа Труфо і Сьюзан Шыфман
Прызы: Прэміі “Сэзар” за найлепшы фільм, найлепшую рэжысуру, найлепшыя мужчынскую і жаночую ролі, найлепшую музыку, гук, дызайн, найлепшае апэратарскае мастацтва. Намінацыі на прэміі “Залаты глёбус” і “Оскар” за найлепшы замежны фільм – усяго 12 узнагародаў і 3 намінацыі.
Адзнака: 10 (з 10)

Акупаваны нацыстамі Парыж. Актрыса Марыён Стэйнэр (Катрын Дэнёў) хавае свайго мужа-габрэя ў склепе тэатру. Пад ягоным кіраўніцтвам яна ставіць п’есу. Але нечакана гераіня закахалася ў актора Бэрнара (Жэрар Дэпард’ё).

Вялікі фільм пра любоў, адказнасьць, чалавечнасьць – і мастацтва, якое дапамагае застацца людзьмі. Сюжэт, немагчымы для сённяшняй Беларусі.

Натхнёныя “Апошнім мэтро” Аляксандар Качан і Андрэй Кудзіненка складалі сцэнар навэлі, дзеяньне якой адбываецца ў менскім тэатры падчас акупацыі. Але фільм ня быў зьдзейсьнены праз фінансавыя цяжкасьці.

Фільмы дэманструюцца ў Музэі кіно, сэансы а 15.00 і 18.30

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы