Гісторыя паламанага жыцця: пасадзілі на 8 год за забойства брата, а цяпер знайшлі сапраўднага злачынцу

Міхаіл Гладкі будзе дабівацца кампенсацыі.

03.01.2014 / 09:18

У Беларусі 26 лістапада быў вынесены чарговы смяротны прысуд, ужо чацвёрты за 2013 год. Пра справу 53-гадовага Эдуарда Лыкава, якому інкрымінуецца пяць забойстваў, грамадскасць даведалася ўжо пасля рашэння суда. Толькі пасля таго, як пра акалічнасці справы паведамілі праваабаронцы, Следчы камітэт прадаставіў інфармацыю СМІ.

Прызнанне следчых было шакуючым. Як выявілася, за два забойствы, здзейсненыя Лыкавым, у турму трапіў невінаваты чалавек.

Яго асудзілі за тое, што ён нібыта сп’яна забіў свайго 38-гадовага брата. «Сам сябе пераканаў у тым, што забіў брата за тое, што той загубіў маці. Адбыў пакаранне і шчыра здзівіўся, калі даведаўся, што тут ні пры чым», — іранізуе «Советская Белоруссія». Хоць што тут іранізаваць? Тут плакаць трэба, тут гнеў закіпае.

«Сам сябе пераканаў» — вось пачытайце, як і хто яго змушаў «пераканаць сябе».

«Расказвай, як цябе білі»

«Наша Ніва» знайшла таго самага чалавека, які быў ні за што пакараны, а пасля нібыта «шчыра здзівіўся» гэтаму.

Ахвярай памылкі праваахоўных органаў і суда стаў Міхаіл Гладкі. Пасля адбыцця пакарання ён вярнуўся ў родную вёску Кіршы пад Заслаўем.

Ці гатовы Гладкі ўзгадаць акалічнасці той справы?

«Расказвай, як цябе білі, як прымусілі падпісаць дакументы, як цябе да батарэі прывязвалі, як у туалет не пускалі!» — кажа Марыя, з якой яны жывуць у адной хаце.

Міхаіл доўга маўчыць і толькі пасля пераносіцца ў думках у той трагічны дзень у 2002-м, які разламаў яго жыццё на «да» і «пасля».

Хвальба цаной у жыццё

Ягоны брат Віктар сядзеў у калоніі разам з Эдуардам Лыкавым. Расказваў пра сваё багатае жыццё на волі: маўляў, ёсць і катэдж, і матацыкл. Але калі Лыкаў прыехаў да сукамерніка ў госці, пабачыў толькі нягеглую хатку. Аказалася, Віктар хваліўся маёмасцю брата Міхаіла, які жыў асобна.

Знаёмыя выпілі, і пачаліся разборкі. Маці паспрабавала абараніць сына, але марна. Лыкаў нанёс старой восем удараў нажом, а пасля сякерай забіў і былога сукамерніка.

Забойца сышоў не адразу. Ён пераначаваў у хаце і толькі раніцай цішком пакінуў месца злачынства.

На наступны дзень пасля жорсткага забойства ў матчыну хату зайшоў старэйшы сын Міхаіл. «За дзень да таго яна атрымала пенсію, я хацеў частку грошай забраць, каб купіць ёй ежу. Заходжу — гэта было недзе тры гадзіны дня, — маці ляжыць у крыві поперак ложка. А побач брат…» — узгадвае ён.

Гаварыць яму цяжка. Калі ўзгадвае пра маці, голас пачынае дрыжаць, вочы наліваюцца слязьмі.

Міхаіл падумаў, што гэта Віктар забіў маці, — пра існаванне Лыкава ён і не здагадваўся.

Крымінальнае мінулае брата

Маці не раз прыходзіла да старэйшага сына з сінякамі — Віктар яе біў, забіраў грошы і прапіваў іх. Сам ён пасля вызвалення нідзе не працаваў.

Упершыню мужчына трапіў за краты за тое, што скраў грошы і ўпрыгожанні ў… Міхаіла. «Там быў пярсцёнак, які бацька маёй жонцы падарыў. Я тыдзень хадзіў да брата, прасіў: «Вярні. Ці хаця б скажы, каму здаў, каб я іх выкупіў». А ён мяне паслаў на тры літары… Тады мая жонка напісала на яго заяву», — узгадвае ён.

Віктару прысудзілі два гады зняволення.

Жонка Віктара не дачакалася яго з турмы, адразу пасля арышту падала на развод. Разам з дзецьмі яна засталася ў заслаўскай кватэры, а ён пасля вызвалення пайшоў жыць да маці.

 

Праігнараванае алібі

Пабачыўшы нежывую маці, Міхаіл згубіў кантроль над сабой: «Я стукнуў брата два разы ад адчаю, але ўжо па мёртвым целе». — «Рукой?» — «Сякерай…» Пазней, кажа ён, экспертыза пацвердзіла, што забойства брата адбылося за дзень да таго.

Міхаіл сам выклікаў «хуткую» і міліцыю. Яго ж адразу і зрабілі падазраваным, не зважаючы на алібі і іншыя супярэчнасці.

«Кроў была аж на столі — а на мне ні кроплі…» — паўтарае Міхаіл раз за разам важкі аргумент.

Асноўнай сведкай на судзе над Міхаілам была Марыя, тая самая, з якой ён цяпер жыве. У дзень, калі былі знойдзеныя трупы, ён уцяпляў ёй хлеў. Адышоў да маці і адразу ж прыбег, расказаў, што ўбачыў.

«Ён цэлы дзень быў у мяне. І ніяк не мог іх забіць!» — тлумачыла Марыя, але ні следчыя, ні пракурор, ні суддзя не ўлічылі яе паказанні.

Былі і іншыя сведкі. Адзін з суседзяў, Васіль, расказваў, што бачыў, як Віктар ішоў дадому з незнаёмым чалавекам. Але яго не толькі не паклікалі на суд, а нават не дапыталі следчыя.

 

Абарона без адваката

Пасля затрымання Міхаіла адвезлі на псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі. «Зрабілі там здымак грудной клеткі, бо міліцыянты мне прыкладамі настукалі».

Перапытваем: «Вас у міліцыі білі, калі забралі?» — «Так». — «За што?» — «Не ведаю».

Гладкі некалькі разоў узгадвае экспертызу. «Усё, што з Навінак, я памятаю — як сяджу перад талеркай з макаронай. Можа, мне там нешта падмешвалі? Але калі мяне адтуль прывезлі, мне было ўжо ўсё адно, што са мной будзе далей», — кажа Міхаіл.

Паўгода ён правёў у ізалятары на Валадарцы.

 

«Не «дурны» ж я!»

Нядзіва, што суд быў кароткім.

— Вы цалкам прызналі сваю віну?

— Пасля Навінак я быў гатовы ўсё прызнаць… Я бачыў, як там вар’яты сядзяць, баяўся, каб мяне не прызналі «дурнем».

— Таму і прызналі віну?

— Таму і прызнаў…

Міхаіл тройчы пачынае фразу, але не можа яе працягнуць — перабівае дыханне:

— Але не «дурны» ж я!

Мінскі раённы суд прысудзіў Гладкага да васьмі гадоў зняволення. Пракурор патрабаваў даць на год больш. За добрыя паводзіны тэрмін быў зменены — Міхаіл адседзеў за кратамі пяць гадоў, яшчэ больш за паўтара года адбыў на выпраўленчых працах — адлічваў дзяржаве чвэрць заробку.

 

Жонка дачакалася і памерла

Пра час адседкі Гладкі ўзгадвае няшмат: «Быў крэпкім мужыком. Не такім, як гэтыя, што пальцы круцяць… Хадзіў на працу, закончыў тры вучылішчы».

Ён пачынаў адбываць свой тэрмін ва ўмовах строгага рэжыму ў Івацэвічах, пасля апынуўся на ўзмоцненым у Бабруйску.

Пакуль Міхаіл сядзеў у турме, ягоная жонка жыла ў Марыі. У жонкі былі праблемы з сэрцам, і здароўе не вытрымала ўжо ў 35 гадоў. Інфаркт, пасля інсульт… Праз тры месяцы пасля вызвалення мужа яна памерла. Ён прадаў свой вялікі дом і пераехаў да суседкі: «Што мне было рабіць аднаму на тых ста метрах?»

«Калі ягоная жонка памірала, яна ў мяне папрасіла: не кідай майго мужа. Маўляў, я за яго баюся, што ён можа засіліцца. Я яго і не кідаю. Ды мы і сябравалі заўсёды», — узгадвае Марыя.

Новае жыццё

Яшчэ да арміі Міхаіл закончыў у Мінску вучэльню як спецыяліст па рамонце асвятляльна-сілавых сетак і абсталявання, пасля 20 гадоў працаваў электрыкам на драбільна-сарціровачным заводзе ў Заслаўі. Судзімасцяў да 2003-га ў яго не было.

Як выйшаў з турмы, вярнуўся да працы.

Праз два гады пасля вызвалення Міхаілу паведамілі пра ягоную невінаватасць у судзе над Эдуардам Лыкавым. На працэсе той сядзеў з апушчанай галавой, амаль нічога не прамаўляў.

— 26 лістапада суд вынес Лыкаву смяротны прысуд, — расказваем Міхаілу, які не паехаў на апошняе пасяджэнне.

— Як смяротны? У Беларусі ж яго няма, — здзіўлена перапытвае ён.

Міхаіл быў перакананы, што Лыкаву прысудзілі пажыццёвае зняволенне.

Паводле заканадаўства, Гладкі мае права атрымаць кампенсацыю — за маральныя і фізічныя пакуты, за згублены за час зняволення заробак, а таксама аднаўленне працоўнага стажу. Яго дырэктар падлічыў: аднаго толькі заробку за час адседкі набегла больш за 310 мільёнаў рублёў.

Як атрымаць кампенсацыю

Па словах юрыста Паўла Сапелкі, агульнага правіла, колькі павінна скласці маральная кампенсацыя, няма — суд падыходзіць да вырашэння гэтага пытання індывідуальна. Каб да адказнасці прыцягнулі супрацоўнікаў праваахоўных органаў ці суда, па чыёй віне Міхаіл Гладкі апынуўся за кратамі, ён сам павінен звярнуцца ў Следчы камітэт.

Павел Сапелка адзначае, што далёка не кожны незаконна асуджаны грамадзянін у Беларусі даходзіць да суда, каб адстаяць парушаныя правы. «Хтосьці баіцца, што з-за гэтага можа быць перагледжана справа не на яго карысць, а хтосьці проста не гатовы яшчэ раз прайсці хай сабе і грамадзянскі, але судовы працэс», — кажа ён.

Ці будзе Міхаіл Гладкі звяртацца ў суд наконт кампенсацыі?

— Абавязкова. Бо гэта было несправядлівае пакаранне, — адказвае той.

* * *

Пяць забойстваў Эдуарда Лыкава

2002 — у вёсцы Кіршы Мінскага раёна забіў нажом маці сукамерніка, а пасля засек яго сякерай.

2004 — у вёсцы Новая Гожа Гродзенскага раёна забіў сякерай знаёмага сваёй сужыцельніцы, а ягоны труп закапаў у лесе.

2011 — у вёсцы Новая Гожа Гродзенскага раёна забіў сужыцельніцу металічнай гантэллю, а пасля задушыў яе.

2011 — у пасёлку Ждановічы Мінскага раёна забіў металічнай трубкай свайго сабутэльніка.

Усе забойствы здзейсненыя ў стане алкагольнага ап’янення.

Апроч таго, Лыкаў быў неаднаразова асуджаны за крадзеж, рабаўніцтва, хуліганства, нясплату аліментаў. Між першым забойствам і канчатковым узяццем пад варту прайшло 9 гадоў, за гэты час ён неаднаразова адбываў пакаранне за кратамі.

Адар’я Гуштын, Ягор Марціновіч, Кіршы—Мінск