Спачатку мова — потым дэмакратыя

У апошнія гады больш карыснага для Беларусі зрабіла не прафэсійная палітычная дзейнасьць і спробы апазыцыі змагацца за ўладу, а канкрэтныя грамадзянскія праекты. Піша Алесь Чайчыц.

15.11.2013 / 00:31

Беларусь як краіна мае дзьве аднолькава непрыемныя праблемы: адсутнасьць дэмакратыі і слабую нацыянальную сьвядомасьць людзей. Да гэтага можна дадаць нежыцьцяздольную і нерэфармаваную эканоміку — але гэта пытаньне як раз тычыцца сфэры палітыкі, то бок адсутнасьці дэмакратыі.

Наконт таго, якая з гэтых дзьвюх праблемаў важнейшая, спрэчкі вядуцца яшчэ з пачатку 1990-х гадоў.

І мой уласны адказ на гэтае пытаньне зь цягам часу - і па меры новых і новых паразаў дэмакратычнай апазыцыі - мушу сказаць, зьмяніўся.

Пан Віталь Цыганкоў у сваім найноўшым допісе ў блогу на радыё «Свабода» піша:

«Вечны» аргумэнт — гэта адсыланьне праблемы беларускай мовы далёка ў будучыню (…) Сёньня ніхто з культурнай публікі не наважыцца сказаць, што беларуская мова непатрэбная ўвогуле (…) Дапушчальна іншае — пераносіць моўнае пытаньне ў вечнасьць, туды, дзе ня месца жывым — «у прынцыпе мы за беларускую мову, але ня сёньня, ня зараз, «ещё не время», спачатку трэба вырашыць пытаньне з уладай, з дэмакратыяй».

Я скажу нават больш за гэта.

Апошнія дваццаць гадоў паказалі, што спачатку трэба было змагацца менавіта за беларускую мову, і толькі потым — за дэмакратыю.

Для гэтага ёсьць два аргумэнты.

1) Барацьба за мову — стратэгічна важнейшая.

Скажу банальнасьць, але пакуль будзе беларуская мова — будзе беларускі народ. Мова — адна з цэнтральных беларускіх нацыянальных адметнасьцяў і каштоўнасьцяў, што захаваліся. Мы дэ-факта ня маем нацыянальнай царквы і іншых грамадзкіх інстытутаў, якія былі б старэйшымі за некалькі дзясяткаў гадоў. У нас за апошнія стагодзьдзі пазьнішчаныя помнікі матэрыяльнае культуры, падзабытая нацыянальная кухня і традыцыі. Але мова — гэта тое, што ў нас рэальна засталося і на чым, на чыёй прынамсі сымбалічнай наяўнасьці беларуская нацыянальная сьвядомасьць трымаецца, на маю думку, больш, чым на многіх іншых рэчах.

Гэта вялікая каштоўнасьць, якая знаходзіцца пад рэальнай пагрозай.

Дзяржава пра мову ня дбае — значыцца, клапаціцца пра яе павінна грамадзтва. То бок, мы з вамі. Больш няма, каму.

Будзе мова — будзе незалежнасьць. Будзе незалежнасьць — будзе калісь і дэмакратыя. Не ў адваротным парадку.

2) За мову змагацца прасьцей, чым за дэмакратыю. Барацьба за мову ўсе гэтыя гады мела і мае большыя шансы на посьпех.

У апошнія гады больш карыснага для Беларусі зрабіла не прафэсійная палітычная дзейнасьць і спробы барацьбы за ўладу, а канкрэтныя грамадзянскія праекты, ад прасоўваньня ідэі альтэрнатыўнай вайсковай службы да абароны Курапатаў і помнікаў архітэктуры. І ініцыятывы па падтрымцы беларускай мовы, дзейнасьць Таварыства беларускай мовы, Глеба Лабадзенкі ці Ігара Случака — у гэтым ліку.

Дэмакратыя і, шмат у чым, рынкавая эканоміка — справы чыста палітычныя. Ім супраціў з боку ўлады нашмат больш жорсткі, чым супраціў беларускай мове.

Пры ўсім тым, што расейская мова — аб'ектыўна мова нумар адзін у сучаснай Беларусі, беларуская мова — таксама дзяржаўная. Гэта азначае, што

беларускамоўны чалавек паводле элемэнтарнай лёгікі павінен мець магчымасьць атрымліваць паслугі прыватных і дзяржаўных арганізацый на беларускай мове.

А каб мець магчымасьць, трэба яе дабівацца, трэба дэманстраваць, што на беларускую мову ёсьць рэальны попыт.

Рабіць гэта трэба праз канкрэтныя, карэктныя і ветлівыя звароты, праз выкарыстаньне кнігаў скаргаў і прапановаў.

Вы хочаце беларускай мовы? Дык прасіце, у гэтым няма нічога складанага і страшнага. Вам за гэта нічога ня будзе.

Калі вы будзеце рабіць гэта ветліва і дыпляматычна, без палітыкі, гістэрыкі і абвінавачваньняў, людзям будзе складана вам запярэчыць.

Пераважная большасьць беларусаў прыхільна ставіцца да беларускай мовы.

Сацыялёгія сьведчыць, што беларускае грамадзтва ня супраць пашырэньня яе рэальнага ўжытку.

Чаго ніхто зь расейскамоўнай большасьці беларусаў не хацеў бы — гэта гвалтоўнага навязваньня мовы. Але ж мы з вамі разумеем, што ў сёньняшняй сытуацыі гэта рэч абсалютна нерэальная.

А калі надыдзе час для рэальнага змаганьня за дэмакратыю і для будаўніцтва абноўленай краіны - досьвед любой грамадзянскай актыўнасьці і самаарганізацыі будзе запатрабаваны.

Алесь Чайчыц, Масква