Пайшоў з жыцця былы старшыня КДБ Генадзь Лавіцкі
19.09.2013 / 15:08
Генадзь Лавіцкі узначальваў Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі з лютага па ліпень 1994 года. Ён памёр 18 верасня на 72-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы.
«Пра тое, што Генадзь Міхайлавіч пайшоў з жыцця, мне паведаміла яго жонка, — распавёў былы падпалкоўнік КДБ Валер Костка. — Гэта адбылося ў сераду, пасля цяжкай хваробы. Развітанне будзе ноччу дома, а таксама 20 верасня ў Клубе імя Дзяржынскага. У пятніцу адбудзецца пахаванне».
Апошнія гады экс-старшыня КДБ вялікую частку часу праводзіў на лецішчы. Паводле словаў знаёмых, быў актыўным і дынамічным. Костка адзначае, што пра Лавіцкага ў яго самыя лепшыя ўспаміны:
«У пачатку 90-х мы пазнаёміліся на хвалі абмеркаванняў рэформы КДБ. Ён уважліва паставіўся да маіх прапановаў, пасля чаго мы пачалі кантактаваць. Усе гэтыя гады ён заставаўся неабыякавым чалавекам.
Мы рэгулярна абмяркоўвалі бягучую сітуацыю і мае артыкулы ў СМІ. Сыходзіліся ў меркаванні, што спецслужбы павінны дбаць пра бяспеку грамадзяніна, грамадства, дзяржавы, а не займацца палітычным вышукам, засяродзіўшыся на тым, як утрымаць уладу».
Генадзь Лавіцкі (нарадзіўся ў 1942 г. у Сенненскім раёне) узначальваў КДБ з лютага па ліпень 1994 года. Пайшоў у адстаўку ў сувязі з паразай на прэзідэнцкіх выбарах кандыдата Вячаслава Кебіча, якога ён падтрымліваў. У кастрычніку 1995 быў прызначаны паслом Беларусі ў Ізраілі. 21 студзеня 2004 г. вызвалены ад пасады.