Хто перамог на Курскай дузе? Невядомае пра пераломную бітву Другой сусветнай

Піша Анатоль Сідарэвіч.

27.07.2013 / 09:09

Высадка саюзнікаў на Сіцыліі, 10 ліпеня 1943.

Калі пад Прохараўкай адбывалася найбольшая танкавая бітва ў гісторыі, Гітлер вырашыў перакінуць найлепшыя дывізіі ў Італію

Высадка на Сіцылію

Ідэнтыфікацыйная картка «капітана Марціна»

Калі стала ясна, што брытанскія і амерыканскія войскі вось-вось перамогуць немцаў ды італьянцаў у Паўночнай Афрыцы, Мусаліні сказаў: толькі дурань не разумее, што наступным крокам будзе высадка аліянтаў на Сіцыліі.
Дучэ як у ваду глядзеў. Але што ён мог? Паўночнаафрыканская кампанія паказала, што ў Італіі няма баяздольнага войска. Абараніць Сіцылію мог толькі Вермахт.

Брытанская разведка ведала, што на Сіцыліі інтэнсіўна будуюць умацаванні, а таму за высадку саюзнага дэсанту давядзецца заплаціць вялікую цану. Таму належала знайсці дурняў у Берліне, якія б паверылі, што саюзнікі высадзяцца дзе заўгодна, толькі не ў Сіцыліі. Так пачалася распрацоўка аперацыі «Мінсміт» («Начынка»).

Гітлер марудзіць

23 кастрычніка 1942. 8-я брытанская армія пад камандаваннем генерала Бернарда Мантгомеры ламае супраціў немцаў ды італьянцаў пад Эль-Аламейнам на поўначы Егіпта. 2 лістапада пачалася аперацыя «Суперчардж», мэтай якой была ачыстка Егіпта і Лівіі. А 8 лістапада саюзныя войскі пад камандаваннем генерала Эйзенхаўэра высадзіліся ў Марока і Алжыры і пачалі аперацыю «Торч». У выніку Алжыр і Марока былі выведзены з-пад улады пранямецкага рэжыму Вішы.

Сталін, якому Чэрчыль раскрыў план аперацыі «Торч» яшчэ ў жніўні, 19 лістапада пачаў наступальную аперацыю пад Сталінградам.
Яна завяршылася ў лютым 1943-га і запатрабавала ад саветаў крайняй мабілізацыі рэсурсаў. Але перамога пад Сталінградам не азначала, што Вермахт страціў стратэгічную ініцыятыву на Усходнім фронце. Так, прынамсі, на стан рэчаў глядзеў генерал-фельдмаршал Эрых фон Манштайн. З моманту высадкі амерыканцаў у Паўночнай Афрыцы, лічыў Манштайн, адкрыццё другога фронту ў Еўропе стала пагрозліва блізкім. Немцы мусілі выйграць час, каб разбіць Чырвоную армію. Дзеля гэтага быў распрацаваны план аперацыі «Цытадэль».
Пачаць яе Манштайн хацеў у сярэдзіне мая — як толькі падсохнуць дарогі. Ён і маршал Гайнц фон Клюге даказвалі Гітлеру: марудзіць нельга.
Савецкі Саюз штомесяц вырабляе 1500 (насамрэч 2000 — АС) танкаў; заходнія аліянты вось-вось увойдуць у Туніс, а тады магчымае адкрыццё другога фронту ў Еўропе. Але Гітлер загадаў чакаць з «Цытадэллю» да сярэдзіны чэрвеня. А 13 чэрвеня 1943 на мысе Бон у Тунісе капітулявалі 250 тысяч нямецкіх і італьянскіх вайскоўцаў.

Жыццё пасля смерці

Вядома, што Чэрчыль абяцаў Сталіну адкрыць 2-гі фронт ў Еўропе ў жніўні-верасні1943-га. Сталін жа хацеў, каб гэта адбылося раней. Гэтаму і павінна была паслужыць аперацыя «Хаскі» — высадка дэсанту на Сіцыліі.

Рузвельт і Чэрчыль на нарадзе пад Касабланкай 23 студзеня 1943 г. далі сваім збройнымі сілам дырэктыву: «Акупацыя Сіцыліі з мэтаю: 1) забеспячэння большай бяспекі камунікацыйных ліній у Міжземным моры, 2) адцягнення сілаў Нямеччыны ад рускага фронту, 3) узмацнення націску на Італію». Цяпер у справу ўключаліся камандуючыя і іх штабы.

Задача камандавання любой арміі ў тым, каб перамагчы праціўніка з найменшымі стратамі. Задача разведкі — дапамагчы камандаванню. Для гэтага разведка павінна выведаць планы праціўніка і, калі гэта магчыма, увесці яго ў зман адносна намераў свайго камандавання.

Але як прымусіць немцаў паверыць? Як рыхтавала аперацыю брытанская разведка можна даведацца з кнігі разведчыка Івэна Мантэгю «Чалавек, якога не было».
Было выкарыстана цела мёртвага чалавека. Яго з дакументамі на імя капітана марской пяхоты Уільяма Марціна даставілі на субмарыне ў іспанскія воды. Да рукі «капітана» быў прышпілены партфель з дакументамі, у тым ліку лістом намесніка начальніка брытанскага генштаба да камандуючага брытанскімі войскамі ў Паўночнай Афрыцы. У лісце быў намёк, што саюзнікі высадзяцца на Сардыніі і ў Грэцыі.
Разлік апраўдаўся. Цела «Уільяма Марціна» паднялі з вады ля горада Уэльва 30 красавіка, пра дакументы даведаліся немцы. Дэзе паверыў і Гітлер.
Ужо ў маі з Усходняга фронту на Балканскую паўвыспу была перакінутая 1-я танкавая дывізія. Таксама Гітлер загадаў умацоўваць Сардынію і Корсіку. Будаўніцтва на Сіцыліі было практычна спыненае.

Аперацыя «Цытадэль»

Тым часам на Усходнім фронце панавала нерашучасць. Сталін і начальнік яго генштаба маршал Васілеўскі стваралі ў раёне Курскай дугі абарончыя ўмацаванні.

І Гітлер усё адкладаў наступальную аперацыю «Цытадэль», чакаючы, пакуль заводы вырабяць дастаткова новых танкаў.
Стаўка рабілася на славутыя «тыгры». Да Курскай бітвы была наладжана і вытворчасць «пантэраў».

Бітва пачалася 5 ліпеня 1943. Наступалі дзве групы нямецкіх армій: з поўначы — «Цэнтр» пад камандаваннем маршала Клюге, з поўдня — «Поўдзень» на чале з Манштайнам. Чырвоная ж армія абаранялася, у яе была такая дырэктыва: выматаць праціўніка ў абарончых баях, а потым перайсці ў наступ (дзеля гэтага быў створаны рэзервовы Стэпавы фронт).

Войскі фон Манштайна наступалі ў прохараўскім кірунку, дзе адбылася знакамітая танкавая бітва.

Дзіўна, але пра бітву ў «Беларускай Энцыклапедыі» няма асобнага артыкула.
Звесткі пра яе вынікі супярэчлівыя. Хто перамог пад Барадзіном у 1812-м? Так і пад Прохараўкай — няясна. Хоць страты Чырвонай арміі ў людзях і машынах былі ў разы большыя (4 савецкія танкі на 1 нямецкі).

Войскі маршала Клюге не дасягнулі пад Курскам істотнага поспеху, затое войскі Манштайна глыбока ўклініліся ў савецкую абарону. Манштайн быў ужо цалкам упэўнены ў поспеху. Але тут нямецкае камандаванне мусіла пераключыць увагу на поўдзень Еўропы.

Спыніць наступ!

За два дні да пачатку бітвы пад Курскам брытанская і амерыканская авіяцыя пачала бамбіць аэрадромы на Сіцыліі і Сардыніі.
Былі знішчаныя 4 з 5 чыгуначных паромаў, што злучалі Апенінскі паўвостраў з Сіцыліяй. Да апошняга моманту праціўнік не ведаў, дзе ж будуць дэсантавацца аліянты. А высадка адбылася тады, калі праціўнік не мог і падумаць: падчас шторму на моры.

Саюзнікі дэсантаваліся ў Сіцыліі 10 ліпеня. 12 ліпеня пачалася танкавая бітва пад Прохараўкай. А 13 ліпеня, калі бітва яшчэ ішла, Гітлер выклікаў Клюге і Манштайна да сябе. Нягледзячы на пярэчанні апошняга, фюрэр загадаў: спыніць наступ! Перакінуць сілы на Апеніны! Бо высадка на Сіцыліі азначала хуткае ўварванне ў Італію.

Савецкі маршал Іван Баграмян сцвярджаў, што высадка на Сіцыліі ніяк не паўплывала на сыход Курскай бітвы. Нам жа вядома, што Гітлер перакінуў на Захад элітны ІІ танкавы корпус СС, у які ўваходзілі славутыя дывізіі «Лейбштандарт СС Адольф Гітлер», «Дас Райх» і «Тотэнкопф». І танкавы корпус СС, які стваралі для Усходняга фронту, таксама пайшоў у Італію.

Другі фронт

Пасля высадкі на Сіцыліі Вялікая рада фашысцкай партыі адхіліла Мусаліні ад улады і арыштавала. 3 верасня, калі саюзнікі дэсантаваліся на поўдні Апенінскага паўвострава, Італія выйшла з вайны. Як жартавалі ў той час, вось Берлін-Рым-Токіа зламалася. Гэта дазволіла Чырвонай арміі пачаць шырокі наступ ва Украіне.

Высадкі саюзніцкіх дэсантаў у Марока і Алжыры, у Сіцыліі і на Апенінах далі багаты досвед такога роду аперацыяў, які прыдаўся ў Нармандыі.

Тады, у 1944-м, паўторыцца сітуацыя лістапада 1942-га: перш, чым рушылі саветы, пачалі саюзнікі. Высадка ў Нармандыі была 6 чэрвеня, а 23 чэрвеня пачалася аперацыя «Багратыён».

І ўсё ж: чаму ў савецкай і часткова ў постсавецкай літаратуры сцвярджаецца, што саюзнікі адкрылі другі фронт менавіта ў 1944 г., а не на год раней? Такая была ідэалагічная ўстаноўка. Найлепш яна была сфармулявана ў падручніку «Навейшая гісторыя» для Х класа: «Савецкі Саюз строга выконваў узятыя на сябе саюзніцкія абавязацельствы. Але ЗША і Англія іх груба парушалі». Таму, маўляў, і адцягвалі адкрыццё другога фронту ў Еўропе. І многія з нас па-ранейшаму застаюцца ў палоне бальшавіцкіх міфаў.

***

Анатоль Сідарэвіч