Цім Бёртан не прывёз у Вэнэцыю піражкоў з чалавечым мясам
Але яго ўсё роўна ўшанавалі
Майстар рэжысуры атрымаў на кінафэсьце “Залатога ільва” за выбітны ўнёсак у кінэматограф. Прэмію ўручаў сябра рэжысэра й ягоны любімы актор Джоні Дэп, які здымаецца ў хорар-м’юзыклу Бёртана “Сўіні Тод”.
06.09.2007 / 13:58
Цім Бёртан – стваральнік гратэскных і сьмешных страшных казак, адметных высокай візуальнай культурай, дасьціпным зухаватым сюжэтам – і нястрыманай фантазіяй шкоднага дзіцяці.
Сярод сама знакамітых фільмаў Бёртана – “Бітлджус”, “Эдвард – рукі-нажніцы”, “Сонная лагчына”, “Марс атакуе”, "Буйная рыба”, “Эд Вуд”, анімацыя “Труп нявесты”.
На фэсьце адбылася прэм’ера стэрэа-вэрсіі мультфільму “Кашмару на Каляды”, зьнятага рэжысэрам Генры Сэлікам паводле аднайменнай лялечнай гісторыі Ціма Бёртана 1993 году.
Але сам рэжысэр ніколі не ўдзельнічаў у Вэнэцыянскім фэсьце. Ягоная новая стужка – хорар-м’юзыкал “Сўіні Тод” пра недарэку цырульніка, які помсьціць сваім ворагам, вырабляючы зь іх піражкі, – нат яшчэ не гатовая.
Узнагароду Ціму Бёртану ўручаў ягоны любімы актор Джоні Дэп, які цяпер і здымаецца ў м’юзыклу.