Юнак збіў медыка-сірыйца ў электрычцы Орша-Мінск — фота і відэа
Інцыдэнт адбыўся раніцай 6 ліпеня на вачах у пасажыраў цягніка.
08.07.2013 / 18:07
Сірыйца на вачах у пасажыраў збіў малады чалавек у сіняй майцы.
Сябар аматара памахаць кулакамі (на фота з голым торсам) пагражаў пасажырцы, якая здымала кампнаію на відэа.
Маладыя людзі працягвалі весяліцца пасля збіцця іншаземца.
Збітым аказаўся грамадзянін Сірыі, клінічны ардынатар 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска. Фота n24.by.
Увага групы падлеткаў, што ехалі ў мінулую суботу ў электрычцы Орша-Мінск, да пасажыра неславянскага выгляду скончылася бойкай і крымінальнай справай.
Відавочца здарэння Таццяна расказала, што ў вагоне ў тую раніцу было поўна пасажыраў. На адной са станцый зайшла група маладых людзей 16-20 гадоў. Адзін з іх сеў побач з мужчынам-арабам. Спачатку яны мірна размаўлялі, але потым малады чалавек ускочыў і пачаў збіваць мужчыну. Біў пераважна па галаве. За араба заступіўся адзін з пасажыраў і бойка спынілася. Сведкі кажуць, што гэта было хутчэй збіццё, бо мужчына фактычна толькі адбіваўся.
Таццяна выклікала міліцыю, але патруль прыехаў на канцавы прыпынак са спазненнем — кампанія маладзёнаў на той момант знікла. Яна зрабіла некалькі здымкаў і зняла кампанію на відэа. Па словах сведак, маладыя людзі былі абсалютна спакойныя, нават нахабныя. Адзін з іх пагражаў дзяўчыне ў часе здымкі.
Як высветлілася пазней, збітым аказаўся грамадзянін Сірыі, клінічны ардынатар 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска.
Першапачатковае разбіральніцтва праводзіла Мінскае аддзяленне ўнутраных спраў на транспарце. Сабраны матэрыял далей быў перададзены ў Кастрычніцкі раён Следчага камітэта, дзе распачалі крымінальную справу.