«Жыцьцё іншых»

Жнівеньскі кінафармат “4х4”

Шпунцік сыстэмы, шэры агент Штазі, сочыць за драматургам – і становіцца чалавекам…

18.08.2007 / 23:42

Жыцьцё іншых (Das Leben der Anderen)
Нямеччына, 2006, каляровы, 137 хв.
Рэжысэр: Фларыян Хенкель фон Донэрсмарк
Ролі выконваюць: Ульрых Мюэ, Себасьцьян Кох, Мартына Гедэк, Ульрых Тукур, Томас Тым
Жанр: Драма
Прызы: 7 прызоў Нямецкай кінаакадэміі, у тым ліку за найлепшую мужчынскую ролю, найлепшы фільм, найлепшы сцэнар; “Оскар” за найлепшы замежны фільм; 3 прызы Эўрапейскай кінаакадэміі за найлпешы сцэнар, найлепшы фільм, найлепшую мужчынскую ролю – усяго 42 узнагароды і 10 намінацый
Адзнака: 8 (з 10)

Усходні Бэрлін. 1984 год. Адмысловая служба Штазі жорстка кантралюе жыцьцё грамадзян. Фанатычнаму агенту капітану Герду Візьлеру прапануюць сачыць за драматургам Дрэйманам і ягонай сяброўкай. Апэрацыя праходзіць пад пільным кантролем вышэйшых палітычных колаў. Выкананьне заданьня абяцае кар’ерны ўзьлёт.

Але заглыбіўшыся ў чужое жыцьцё, Візьлер зьмяняецца сам. Шэры шпунцік сыстэмы сам становіцца чалавекам. Але рэпрэсіўную машыну ўжо не спыніць…

Дэбютная ігравая стужка Донэрсмарка – сталася сэнсацыяй і адкрыцьцём. Фільм зьняты ў высокіх традыцыях нямецкага сацыяльнага кіно з дакладнай карцінай грамадзтва і тонкім псыхалягізмам.

Атмасфэра сацыялістычнай задухі, таталітарны ціск, карупцыя і кар’ерызм, анэкдоты і дысыдэнцтва. Донэрсмарк, які сам склаў сцэнар, некалькі гадоў вывучаў тайныя мэханізмы Штазі, сустракаўся з ахвярамі й былымі агентамі. Нат здымкі адбываліся ў колішнім будынку тайнай паліцыі.

Але найважнейшы чыньнік карціны – чалавечыя канфлікты, людзкія душы. У фільме граюць выбітныя акторы – Марціна Гедэк, Сэбасьцьян Кох (“Чорная кніга” Вэрхувэна). А Ўльрых Мюэ сыграў найлепшую сваю ролю.

Актор, які нечакана памёр 22 ліпеня, сам калісьці ўдзельнічаў у палітычных дэманстрацыях. Пасьля падзеньня Бэрлінскай сьцяны ён даведаўся, што ягоная жонка супрацоўнічала са Штазі.

Капітан Візьлер у выкананьні Мюэ – шэры чалавечак, адданы жаўнер партыі. Сталёвыя вочы, непрыкметны касьцюм, аніякага асабістага жыцьця. Візьлер сочыць за драматургам: чужое каханьне й чужое сяброўства, падслуханая музыка, прачытаны томік Брэхта… І пакрысе цяплее твар, прачынаецца сумленьне. У вачох ужо не фанатызм, а боль і пакута маленькага чалавека, які спачувае – і здольны на годны ўчынак.

“Людзі не зьмяняюцца, – нахабна сьцьвярджаюць тлустыя чыноўнікі, упэўненыя ў сваёй вечнай уладзе. – Гэта шчэ, як мінімум, на 20 гадоў.” Але ў самім сэрцы сыстэмы адбываецца збой, зьяўляецца чалавек.

І жорсткай сыстэме наканаваны покрыш.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы