Ігар Аліневіч адбыў 20 дзён у штрафным ізалятары
Так паведаміла маці палітвязня Валянціна Аліневіч, даведаўшыся пра гэта з сынавага ліста, які атрымала сёння, 22 красавіка.
22.04.2013 / 19:03
«Напісаў, што толькі што выйшаў з ШЫЗА — штрафнога ізалятара, дзе адбыў 20 дзён. Парушэньне, за якое яго пакаралі, — адмовіўся прыбіраць туалет. Гэта другі раз яго караюць штрафным ізалятарам паводле гэтага парушэньня, летась улетку такое ўжо было. Карацей, як хочуць пасадзіць у ШЫЗА, дык загадваюць прыбіраць туалет. Ён адмаўляецца — і прычына знайшлася».
Больш за месяц таму ў Расеі выйшла кніга Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан», у якой палітвязень распавёў пра свой арышт у Маскве і пра месяцы, праведзеныя ў СІЗА КДБ. Пасьля гэтага ад Ігара Аліневіча дамоў не было тэлефонных званкоў і лістоў. 19 красавіка на прэзэнтацыі кнігі «Еду ў Магадан» у офісе БНФ Валянціна Аліневіч выказала меркаваньне, што маўчаньне сына зьвязанае менавіта з выхадам ягонай кнігі.
Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня за ўдзел у нападах на афіцыйныя будынкі ў Менску, у тым ліку на будынак амбасады Расеі. Сваёй віны Ігар Аліневіч не прызнаў. Палітвязень адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі.