2. Віктар Лукашэнка

Памочнік прэзідэнта па бяспецы.

22.03.2013 / 15:49

Старэйшы сын Лукашэнкі. На ранніх здымках ён вельмі падобны да бацькі, асабліва позіркам. Лукашэнка паступова ўвёў сына ў кіраўніцтва краіны, пачынаючы з невялікіх пасад.

Аналагічна Гейдар Аліеў вывеў у людзі сына Ільхама, які займаў ключавыя пасады ў Дзяржаўнай нафтавай кампаніі і партыі «Новы Азербайджан». Віктар Лукашэнка займаецца сілавымі структурамі, на якія абапіраецца ўлада ў Беларусі.
Віктар Лукашэнка ніколі не выступае публічна. Эвалюцыя ягоных поглядаў у 2000-я гады застаецца невядомай.

Ва ўладу прыйшоў пазней за перыяд знікненняў лідараў апазіцыі ў канцы 1990-х. Разгон Плошчы­-2006 і пагром Плошчы­-2010 здарыліся пры ім.

***

Цытата: «У нашай сям’і не прынята, каб дзеці лезлі ў тыя пытанні, якія вырашае бацька».

Адзінае інтэрв’ю. «Камсамольская праўда», 2003.

***

Аб’ектыўка

Нар. у 1975 на Магілёўшчыне. Скончыў факультэт міжнародных адносінаў БДУ (1999). Служыў у спецпадраздзяленні памежных войскаў АСАМ. Быў ганараваны медалём «За выдатнасць у ахове дзяржаўнай мяжы». Ад 2001 быў супрацоўнікам МЗС (трэцім сакратаром, дарадцам у аддзеле Заходняй Еўропы). Ад красавіка 2003 працаваў начальнікам аддзела замежнаэканамічных сувязяў УП «НДІ сродкаў аўтаматызацыі». Ад 2005 — памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. Жонку зваць Лілія, у іх трое дзяцей.

nn.by