На Чудзянцова паскардзіліся ў Камісію па этыцы БАЖ

Скарга ніяк не звязана з апошнім скандалам вакол журналіста, а тычыцца адной з яго публікацый на партале Tut.by.

04.03.2013 / 11:21

Гаворка ідзе пра артыкул «П’яны сабакавод натравіў байцовага пса на жанчыну з шарпеем» ад 5 студзеня 2013 г.

Заяўнік — Рыгор Зільбер — падкрэслівае, што ні сам эпізод, ні ступень вінаватасці ўдзельнікаў яго не хвалюе, а толькі спосаб падачы інфармацыі журналістам.

Далей ён падрабязна аналізуе артыкул, спыняючыся на тых цытатах, якія, па яго меркаванні,

маніпулююць свядомасцю чытача з мэтай настроіць яго пэўным чынам (спачуваць аднаму з канфліктуючых бакоў і асуджаць іншы).

Аўтар заявы сярод іншага прыводзіць багата вытрымак з Кодэксу журналісцкай этыкі ГА «БАЖ» і нават з закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму»,

а таксама падае цытаты з абмеркавання артыкулу на форуме Tut.by, якія маюць засведчыць, што публікацыя распаліла ў чытачах агрэсію.