Фальсіфікуюць усё

Пракуратура Мінскай вобласці распачала крымінальную справу ў дачыненні да намесніка генеральнага дырэктара ААТ «1-я Мінская птушкафабрыка». Яму інкрымінуецца фальсіфікацыя дадзеных па зборы збожжа на пасадзе дырэктара КСУП «Племптушкарэпрадуктар «Праўда».

04.03.2013 / 09:51

Прадпрыемства было створанае яшчэ за савецкім часам на базе некалькіх непрыбытковых калгасаў для гадоўлі і ўдасканалення высокапрадукцыйных спецыялізаваных парод курэй яйцаноснага кірунку. У 2002 годзе ў склад завода ўвайшло таксама Мінскае раённае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Саўгас імя Энгельса».

Сёння асноўная мэта завода — насычэнне беларускага рынку якаснай прадукцыяй птушкагадоўлі, рэалізацыя сутачнага маладняку птушкі для камплектавання бацькоўскага статка бройлерных птушкафабрык рэспублікі, вытворчасць мяса буйной рагатай жывёлы, малака, вырошчванне збожжа.

Паводле дадзеных пракуратуры, дырэктар завода ў жніўні 2011 года даў указанне падначаленым спецыялістам унесці загадзя ілжывыя звесткі ў афіцыйныя дакументы аб зборы 1160 тон збожжа, неабходных для атрымання валавога збору 10 тысяч тон, і прыняцці яго на склад прадпрыемства. Гэтыя дзеянні прывялі да таго, што працаўнікам прадпрыемства была налічаная лішняя заработная плата, а кіраўніцтва спісала гаруча-змазачныя матэрыялы, якія нібыта былі выдаткаваныя на збор збожжа.

Дзеянні дырэктара прывялі да нанясення шкоды прадпрыемству ў памеры больш за 46 мільёнаў рублёў.

Па факце здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да былога дырэктара прадпрыемства, які займае цяпер пасаду намесніка гендырэктара ААТ «1-я Мінская птушкафабрыка», распачатая крымінальная справа па ч.3 арт.424 Крымінальнага кодэкса Беларусі (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае службовай асобай, якая займае адказнае становішча, альбо пры выкананні функцыяў па раздзяржаўленні ці прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці, альбо з цяжкімі наступствамі).