Першаму прэм'еру адноўленай Літвы Прунскене — 70 гадоў, яна аднаўляецца пасля інсульту

26.02.2013 / 15:45

Казіміра Прунскене з дачкой Расай Вайткене ў Маскве.

Казіміра Прунскене ў сакавіку 1990 г. Вільня.

Вядомы літоўскі палітык, былы лідар Народнай партыі, Казіміра Прунскене адзначае 26 лютага 70-годдзе. Яна сустракае яго ў Маскве, дзе праходзіць лячэнне ў Навуковым цэнтры неўралогіі.

Год таму, акурат у дзень народзінаў, з Прунскене здарыўся інсульт.

У Цэнтры з ёй цяпер працуюць розныя спецыялісты, дзякуючы намаганням якіх яна ўжо можа пераадолець пэўную дыстанцыю без старонняй дапамогі. Маўленчыя навыкі аднаўляюцца

Лячэнне ў Маскве дае відавочныя вынікі як у плане руху, так і аднаўлення маўлення, паведамляе Delfi.

***

Казіміра Прунскене (пры нараджэнні Станкевічутэ) з’яўляецца падпісантам Акта аб незалежнасці Літвы 11 сакавіка 1990 г., была першым прэм’ер-міністрам незалежнай Літвы.

У 1988 г. сп. Прунскене абаснавала мэтазгоднасць эканамічнай незалежнасці Літвы ад СССР.

Пасаду прэм’ер-міністра займала з сакавіка 1990 па студзень 1991 года, аднак яе дзейнасць палітыкі ацэньваюць неадназначна.

Прунскене ўзначальвала Літоўскую народную партыю, раней была старшынёй Саюза сялян-народнікаў, да гэтага -- сябрам партыі Новай дэмакратыі і Жаночай партыі.

На працягу ўсёй палітычнай кар’еры К.Прунскене адчувала цень абвінавачвання ў супрацоўніцтве з КДБ, аднак палітык заўсёды адмаўляла сувязі з савецкімі спецслужбамі,

Галоўны адміністрацыйны суд Літвы прыняў канчатковае рашэнне па гэтай справе, адкінуўшы закіды да К.Прунскене.