Бэргман. Чалавек, які спрачаўся з Богам
На нашых вачах – на экране – разгортвалася драма, якая апошні раз апісвалася ў Старым Запавеце.
31.07.2007 / 14:34
Інгмар Бэргман нарадзіўся 14 ліпеня 1918 г. ва ўнівэрсытэцкай Упсале, у сям’і пастара. У 1944 годзе завершыў факультэт літаратуры і мастацтва Стакгольмскага ўнівэрсытэту. Працаваў рэжысэрам у правінцыйных тэатрах.
З канца 60‑х гадоў ставіць спэктаклі на сцэне Каралеўскага тэатру, быў ягоным дырэктарам. Працу ў кіно распачаў сцэнарыстам. У 1946 годзе — рэжысэрскі дэбют («Крызіс»).
Апошнія гады пражыў самотнікам на высьпе Фаро. Памёр 30 ліпеня 2007 году.
Сказаць, што Інгмар Бэргман - Вялікі рэжысэр, які зьмяніў сусьветны кінэматограф – значыць не сказаць нічога. Швэд, які стаўся сымбалем сваёй краіны, майстра й прадаўжальнік Стрынбэрга, Чэхава, Кіркегара, Шэксьпіра, тэатральны творца і кінагеній.
У фільмах швэдзкага рэжысэра людзі з розных куткоў сьвету пазнавалі сябе й адкрывалі самыя схаваныя тайны сваёй душы. Вера і бязвер’е, пакутлівая самота, трагічны разлад душы, боль…
Адкуль такое веданьне чалавека? Чаму творы Бэргмана знаходзілі водгук у самых розных сэрцах?
На нашых вачах – на экране – разгортвалася драма, якая апошні раз апісвалася ў Старым Запавеце.
Сын пастара Інгмар запытваўся, як старазапаветны Ёў: “Чаму вакол столькі зла? Дзе Божая міласэрнасьць? Дзе – адказ Госпада?” І гэты пакутлівы дыялёг – ішоў сёньня – сродкамі кінамовы.
Рыцар спавядаецца Сьмерці ў сваім бязвер’і (“Сёмая пячатка”), стары адчувае цяжар уласных грахоў і сьніць уласнае пахаваньне (“Сунічная паляна”), а дзьвюх сясьцёр лучыць нянавісьць і маўчаньне Бога ў іхным сэрцы (“Маўчаньне”). У карцінах Бэргмана атэісты моляцца за вернікаў ("Прычасьце"), любоў і нянавісьць сьплятаюцца (“Шэпты і крыкі”, і дзьве душы знаходзяць кантакт праз эмблему-твар (“Пэрсона”).
Кіно ёсьць таямніцай Увасабленьня, якое адбылося 2000 гадоў таму – і кіно ёсьць старажытная магія, якая існавала ў дахрысьціянскія часы. Бэргман цудоўна ведаў гэтую праўду – і зь лёгкасьцю працаваў з рэальнасьцю і са снамі. У "Фані і Аляксандру" - найлепшай сваёй карціне - рэжысэр спускаецца ў маленства...
Швэдзкі творца перажыў антыбэргманаўскае паўстаньне маладых рэжысэраў, якія абвінавачвалі аўтара ў мэтафізычнасьці, мізантрапіі і элітарнасьці. Але сам Інгмар Бэргман пад псэўданімам Эрнэста Рыфэ ўжо высьмяяў свае ўяўныя і рэальныя заганы. На пасадзе дырэктара “Драматэна” – Каралеўскага драматычнага тэатра – Бэргман кардынальна зьнізіў кошты на квіткі і скараціў працягласьць спэктакляў да 1,5 гадзін – каб зрабіць мастацтва агульнадаступным.
Аднойчы Бэргман і Таркоўскі сутыкнуліся на адным з фэстаў. Яны збаяліся падысьці адзін да аднаго, нягледзячы на глыбокае ўзаемнае шанаваньне. На магіле Таркоўскага напісана: “Чалавек, які бачыў анёла”. Позірк Бэргмана куды змрачнейшы...
Пакутлівыя пошукі “Прычасьця” і “Твару”, балючыя “Сцэны шлюбнага жыцьця” і “Восеньскай санаты”...
Ці адказаў Гасподзь Бэргману? Левіафаны душы, гул і грымоты, страх і трымценьне – глядзіце карціны Бэргмана і вы ўбачыце, якім быў Адказ.
1944 – Цкаваньне / HETS сцэнарыст, асыстэнт рэжысэра
1946 - Дождж над нашым каханьнем / Det regnar pa var karlek
1946 - Крызіс / Kris
1947 - Карабель у Індыю / Skepp till India land
1948 - У партовым горадзе / Hamnstad
1948 - Музыка ў цемры / Musik i morker
1949 - Смага / Torst
1949 - Турма / Fangelse
1950 - Высокая напруга / Sant hander inte har
1950 - Ода радасьці / Till gladje
1951 - Летняя гульня / Sommarlek
1952 - Сакрэты жанчын / Kvinnors vantan
1953 - Вечар блазнаў / Gycklarnas afton
1953 - Лета з Монікай / Sommaren med Monika
1954 - Урок каханьня / En Lektion i karlek
1955 - Жаночыя мары / Kvinnodrom
1955 - Усьмешкі летняй ночы / Sommarnattens leende
1957 - А вось і спадар Сьліман / Herr Sleeman kommer
1957 - Сунічная паляна / Smultronstallet
1957 - Як здымалася "Сунічная паляна" / Bakomfilm smultronstallet
1957 – Сёмая пячатка / Det Sjunde inseglet
1958 - Шаленства / Rabies
1958 - Венецыянец / Venetianskan
1958 - Твар / Ansiktet
1958 - На парозе жыцця / Nara livet
1960 - Дзявоцкая крыніца / Jungfrukallan
1960 - Д'ябальскае вока / Djavulens oga
1960 - Шторм / Ovader
1961 - Скрозь цьмянае шкло / Sasom i en spegel
1962 - Прычасьце / Nattvardsgasterna
1963 - Гуляючы ў сне / Ett Dromspel
1963 - Маўчаньне / Tystnaden
1965 - Усё аб гэтых жанчынах / For att inte tala om alla dessa kvinnor
1965 - Дон Жуан / Don Juan
1966 - Пэрсона / Persona
1967 - Сімулятары / Stimulantia
1968 - Сорам / Skammen
1968 - Гадзіна ваўка / Vargtimmen
1969 - Рытуал / Riten
1969 - Жарсьць / En Passion
1970 - Аб высьпе Фаро ў 1969 / Farodokument 1969
1971 - Дотык / Beroringen
1972 - Шэпты і крыкі / Viskningar och rop
1973 - Сцэны шлюбнага жыцьця / Scener ur ett aktenskap
1974 - Мізантроп / Misantropen
1975 - Чароўная флейта / Trollflojten
1976 - Тварам да твару / Ansikte mot ansikte
1977 - Змяінае яйка / The Serpent's Egg
1978 - Восеньская саната / Hostsonaten
1979 - Аб высьпе Фаро / Faro-dokument
1980 - З жыцьця марыянэтак / Aus dem Leben der Marionetten
1982 - Фані і Аляксандар / Fanny och Alexander
1983 - Школа жонак / Hustruskolan
1984 - Твар Карыны / Karins ansikte
1986 - Блаславёныя / De Tva saliga
1986 - Пасьля рэпетыцыі / Efter repetitionen
1986 - Фані і Аляксандр. Хронікі стварэньня фільму / Dokument Fanny och Alexander
1992 - Маркіз дэ Сад / Markisinnan de Sade
1993 - Вакханкі / Backanterna
1995 - Апошні выкрык / Sista skriket
1997 - У прысутнасьці блазна / Larmar och gor sig till
2000 - Разрыў выявы / Bildmakarna
2003 - Сарабанда / Saraband