Чым «бітлы» займаліся паасобку? - відэа і аўдыё

Сёння — міжнародны дзень The Beatles

16.01.2013 / 15:24

16 студзеня 1957 года адкрыўся клуб Cavern, у якім калісьці дэбютавалі The Beatles. З гэтай нагоды ЮНЭСКА абвесціла 16 студзеня Міжнародным днём The Beatles. Банальна было б у гонар свята паставіць штосьці класічна-бітлоўскае. Мы вырашылі ўзгадаць песні кожнага з «бітлоў», напісаныя пасля таго, як знакамітай чацвёркі не стала.

Джон Ленан — Mother

Пасля распаду The Beatles Джон Ленан запісаў адзін з самых змрочных альбомаў у гісторыі рок-музыкі — Plastic Ono Band. Увесь альбом — гэта мінімалістычная рэфлексія пра былы гурт, каханне да Ёкі Она, адсутнасць дзяцінства і сваё месца ў свеце. Адкрывае альбом песня Mother, магчыма, самы пранізлівы твор, напісаны Ленанам.

Пол Макартні — Maybe I’m Amazed

Макартні, абвінавачаны ўсімі і кожным у развале гурту, запісаў першы альбом сам — проста ў сябе дома, сыграўшы на ўсіх інструментах, і праспяваўшы ўсе вакалы. Альбом пад простай назвай McCartney, відаць, самы камерны ў дыскаграфіі сэра Пола.

Джордж Харысан — Wah-Wah

А вось Джордж Харысан развярнуўся напоўніцу — адразу выдаў патройны альбом, прайграў у судзе справу наконт плагіяту, адразу запісаў яшчэ адзін альбом і правёў канцэрт у дапамогу Бангладэша (з якога атрымаўся, яшчэ адзін альбом). У часы The Beatles было зразумела, што ў Харысана вялікі патэнцыял, які гітарыст цалкам змог рэалізаваць толькі пасля распаду гурту.

Рынга Стар — I’m The Greatest

Рынга быў адзіным, хто не папсаваў стасункаў з былымі калегамі, у выніку яны (што праўда, паасобку) сабраліся на ягоным альбоме Ringo. Джон Ленан напісаў песню I’m The Greatest для сябе, але вырашыў аддаць яе Рынга — так ода самазакаханасці пераўтварылася ў забаўную поп-песенку.

The Beatles — Free as a Bird

Пасля смерці Джона Ленана астатнія «бітлы» сабраліся разам і запісалі песню Free as a Bird, зрабіўшы з акустычнага дэма Ленана апошні вялікі твор вялікага гурту.

Юрась Ускоў