Падазраваны ў збіванні інваліда ў вагоне метро адпушчаны пад нагляд бацькоў

14.01.2013 / 18:50

14 студзеня пракуратура адмовіла ў змяшчэнні пад варту галоўнага падазронага ў збіванні інваліда ў вагоне сталічнага метрапалітэна. Следчымі органамі прынята рашэнне адпусціць мінчаніна 1995 года нараджэння з ІЧУ пад нагляд бацькоў.
Пра гэта БелаПАН паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта Беларусі па Мінску Аляксандр Герасімаў.

11 студзеня Партызанскім раённым аддзелам СК у дачыненні да маладога чалавека была распачата крымінальная справа за хуліганства на падставе часткі 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса. Па справе дапытаны сем сведак.

Праводзяцца следчыя мерапрыемствы па ўстанаўленні ролі ў гэтым канфлікце брата падазронага 1996 года нараджэння. Пра ролю дзяўчыны следчыя пакуль не гавораць.

Нагадаем, 2 студзеня, вяртаючыся ў суправаджэнні састарэлай маці дамоў, 40-гадовы мінчанін, інвалід першай групы, зайшоў у вагон метро і папрасіў аднаго з маладых людзей саступіць месца, бо яму цяжка стаяць (праблемы з апорна-рухальным апаратам). Аднак у адказ хлопец выдаў паток нецэнзурнай лаянкі. Аналагічная рэакцыя была і з боку дзяўчыны, якая сядзела побач. Інвалід збіраўся адысці ўбок, але малады чалавек разам з сябрам накінуўся на яго з кулакамі. На працягу некалькі хвілін яны збівалі безабароннага мужчыну, наносячы яму множныя ўдары рукамі і нагамі па галаве, твары і целе. Пасля гэтага яны кінулі пацярпелага на падлозе вагона і разам са спадарожніцай выйшлі на станцыі «Плошча Перамогі».

Пацярпелы знаходзіцца ў бальніцы. Урачы паставілі яму дыягназ «чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй ступені». На целе і твары мужчыны выяўлены множныя гематомы, сінякі і ранкі.

Падчас праведзеных спецмерапрыемстваў высветлілася, што кампанія, якая пайшла ў невядомым напрамку, трапіла ў аб`ектыў камер відэаназірання.

Устанавіць асобы хуліганаў міліцыі дапамаглі інтэрнэт-карыстальнікі. Просьба да грамадзян аб дапамозе ва ўстанаўленні вінаватых у збіванні інваліда была апублікавана раніцай 10 студзеня на сайце ГУУС Мінгарвыканкама. У паведамленні ўтрымліваліся фота і відэазапіс, на якіх выяўлены падазроныя.

Праз некалькі гадзін пасля абнародавання гэтай інфармацыі інтэрнэт-карыстальнікі знайшлі асабістыя старонкі верагодных падазроных у сацыяльнай сетцы «УКантакце». Спасылкі на гэтыя старонкі паступілі на сайт perehvat.gov.by (сайт інтэрнэт-праекта ГУУС «Перахоп»), пасля чаго атрыманая інфармацыя была перададзена аператыўнікам.

Потым было дакладна ўстаноўлена, што з трох названых асоб да падзей у метрапалітэне мае дачыненне толькі адна. Аднак неўзабаве на сайт «Перахоп» паступіла ананімнае паведамленне, у якім утрымлівалася інфармацыя аб двух іншых магчымых падазроных.

Раніцай 11 студзеня ўсе падазроныя былі затрыманы і дастаўлены ў Партызанскае РУУС для правядзення праверачных мерапрыемстваў.