Расія прапанавала пабудаваць у Астраўцы трэці атамны энергаблок

Лукашэнка заявіў, што гатовы будаваць у Беларусі і другую АЭС.

21.12.2012 / 17:20

«Я б хацеў і другую АЭС пабудаваць у Беларусі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Паводле яго слоў, будаўніцтва АЭС дасць вялікую эканомію сродкаў, якія цяпер затрачваюцца на імпарт энергарэсурсаў, паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Калі сёлета Беларусь спажыве прыкладна 22 млрд.куб.м газу, то пасля ўзвядзення сваёй АЭС Беларусь зможа адмовіцца ад імпарту 5 млрд.куб.м газу, адзначыў Лукашэнка.

Паводле слоў беларускага кіраўніка, расіяне, калі даведаліся пра яго жаданне пабудаваць другую АЭС, сказалі, што гатовыя пабудаваць на цяперашняй станцыі-новабудоўлі трэці энергаблок (цяпер на беларускай АЭС у Астраўцы плануецца ўзвядзенне двух энергаблокаў).

* * *

Пад будаўніцтва АЭС Расія выдзяляе Беларусі льготны дзяржкрэдыт у памеры да $10 мільярдаў тэрмінам на 25 гадоў.