Мінскае «Дынама» пераедзе на «Трактар»: стадыён у Кунцаўшчыне зачыняюць на рэканструкцыю

30.11.2012 / 10:43

У сувязі з рэканструкцыяй стадыёна «Дынама-Юні» у сезоне 2013 года мінскае «Дынама» будзе праводзіць хатнія матчы на ​​«Трактары».

Арэну «бела-блакітных» у Кунцаўшчыне чакае маштабная рэканструкцыя, у выніку якой на «Дынама-Юні» з’явяцца не толькі новыя трыбуны, але і гасцініца, медыка-аднаўленчы цэнтр, адміністрацыйны корпус. Першы этап будаўніцтва пачнецца ўжо ў студзені 2013 года.

Як вядома, запасны варыянт — стадыён «Дынама» — таксама зачыняецца на рэканструкцыю.
З пазасталых у сталіцы футбольных арэн патрабаванням мінчан, якіх у наступным годзе, акрамя чэмпіянату і Кубка краіны, чакае яшчэ і выступленне ў Лізе Еўропы, больш за ўсё адказвае «Трактар».

У сваёй гісторыі мінскае «Дынама» ужо не раз выкарыстоўвала «Трактар» у якасці хатняга стадыёна: у пачатку 60-х, калі насіла назву «Беларусь», у канцы 70-х, калі галоўную спартыўную арэну краіны рыхтавалі да Алімпіяды-80. Ды і ў апошнія гады мінчане неаднаразова прымалі супернікаў на «Трактары». Сталічны клуб ужо заключыў са стадыёнам дамову на правядзенне хатніх матчаў у сезоне 2013 года.