Галоўную прэмію атрымала расейская стужка Веры Сторажавай «Вандроўка з хатнімі жывёламі»
30 чэрвеня завершыўся 29 Маскоўскі Міжнародны кінафэстываль, які працягваўся 10 дзён. На фэсьце рэй вялі постсавецкі тэмы.
Прыз “Пэрспэктывы” атрымала латвійская стужка “Манатоннасьць” Юрыса Поксуса пра дзяўчынку, якая прыехала ў Рыгу стаць актрысай.
Найлепшая жаночая роля ў вугорскай актрысы Кірсьці Штуба за стужку “Опіюм”.
Найлепшая мужчынская роля – Фабрыс Лучыні, фільм “Мальер”.
Адмысловы прыз журы атрымала грузінская карціна Алека Цабадзэ “Рускі трохкутнік”. Настаўнік рускае мовы ў Чачні помсьціць забойцам і знушчаецца з фэдэральных жаўнераў, выколваючы ім вочы. Адылі ў Маскве сьляпы кілер пачынае помсьціць каўказцам.
Найлепшым рэжысэрам прызнаны італьянец Джузэпэ Тарнаторэ. Гераіня ягонае “Незнаёмкі” – ўкраінка, якая сталася ахвярою гандляроў жывым таварам.
Галоўны прыз фэсту, “Залаты Георгі”, уручаны карціне Веры Сторажавай “Вандроўка з хатнімі жывёламі”. Пасьля сьмерці мужа ў гераіні стужкі не засталося нікога, акрамя хатніх жывёлаў.
А польскі актор Даніэль Альбрыхскі пад “Палянэз Агінскага” атрымаў прыз “За пакарэньне вяршыняў акторскага майстэрства і вернасьць прынцыпам школы К.С.Станіслаўскага”.
Каментары