12 лютага 1974 году расейскі пісьменьнік-дысыдэнт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Аляксандар Салжаніцын падпісаў зварот да суайчыньнікаў пад назвай «Жыць без маны». Роўна праз трыццаць гадоў пасьля гэтага Сяргей Паўлоўскі пераклаў яго на беларускую мову.
Калісьці мы ня сьмелі і шэптам шаргацець. Цяпер вось пішам і чытаем самвыдат, а ўжо адзін адному ў курылках НДІ ад душы наскардзімся: чаго толькі яны ні напракудзяць, куды толькі ні цягнуць нас! Тут і непатрэбнае касьмічнае выхваляньне пры развале і беднасьці жыцьця; і ўмацаваньне далёкіх дзікіх рэжымаў; і распальваньне грамадзянскіх войнаў; і безаглядна выгадавалі Мао Цзэдуна (на нашы сродкі) — і нас жа на яго пагоняць, і прыйдзецца ісьці, куды дзенешся? І судзяць каго хочуць, і здаровых заганяюць у вар’яты — усё «яны», а мы — бясьсільныя.
Ужо да донца даходзіць, ужо ўсеагульная духовая пагібель насунулася на ўсіх нас, і фізычная вось-вось запалае і спаліць і нас, і нашых дзяцей, — а мы па-ранейшаму ўсё ўсьміхаемся баязьліва і лапочам коснаязыка: «А чым жа мы перашкодзім? У нас няма сілаў». Мы так безнадзейна расчалавечыліся, што за сёньняшнюю нішчымную кармушку аддамо ўсе прынцыпы, душу сваю, усе намаганьні нашых продкаў, усе магчымасьці для нашчадкаў — толькі б не разладзіць свайго лядачага існаваньня. Не засталося ў нас ані цьвёрдасьці, ані годнасьці, ні сардэчнага гарэньня. Мы нават усеагульнай атамнай сьмерці не баімся, трэцяй сусьветнай вайны не баімся (можа, у расколінку схаваемся), — мы толькі баімся крокаў грамадзянскае мужнасьці! Нам толькі б не адбіцца ад статку, не зрабіць кроку паасобку — і раптам аказацца бязь белых булак, бяз газавай калёнкі, без маскоўскай прапіскі.
Ужо як дзяўблі нам на палітгуртках, так у нас і ўдзяўблося, выгодна жыць, абы на ўвесь век добра: асяродзьдзе, сацыяльныя ўмовы, зь іх ня выскачыш, быцьцё вызначае сьвядомасьць, мы тут пры чым? мы нічога ня можам.
А мы можам — усё! — але самі сабе хлусім, каб сябе заспакоіць. Ніякія не «яны» ўва ўсім вінаватыя — мы самі, толькі мы!
Запярэчаць: але ж сапраўды нічога не прыдумаеш! Нам заляпілі рот, нас ня слухаюць, у нас не пытаюцца. Як жа прымусіць іх паслухаць нас?
Пераканаць іх — немагчыма.
Натуральна было б іх пераабраць! — але перавыбараў не бывае ў нашай краіне.
На Захадзе людзі знаюць страйкі, дэманстрацыі пратэсту, — але мы занадта забітыя, нам гэта страшна: як гэта раптам — адмовіцца ад працы, як гэта раптам — выйсьці на вуліцу?
Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".
Каментары