Архіў

Генэрала няма й ня будзе. Тацяна Сьнітко

№ 20 (177), 15 — 22 траўня 2000 г.


 

Генэрала няма й ня будзе

Мінуў год, як зьнік бязь вестак генэрал Юры Захаранка

 

Зьнік у цэнтры двухмільённай сталіцы, увечары перадсьвяточнага дня, па дарозе дадому. Галоўны вынік году: знаходжаньне былога міністра ўнутраных справаў Беларусі не ўстаноўленае. Дагэтуль, пакуль, на гэты момант... Можна дадаць да гэтай фармулёўкі што заўгодна, але гэта ніяк не суцяшае: ці жывы чалавек — дагэтуль? Пакуль? На дадзены момант?

Шукаць Захаранку й расьсьледаваць інцыдэнт за год браліся многія. Родныя, сябры, паплечнікі шукалі яго зь першых гадзінаў невяртаньня. Праз тры дні сіламі паплечнікаў, адстаўных сілавікоў, створаная грамадзкая камісія. Яшчэ праз тры дні пра аналягічны крок абвяшчае й Вярхоўны Савет. Сівакоў пасьпявае абвясьціць пошукі свайго папярэдніка па пасадзе міністра справай гонару беларускай міліцыі. Міліцыя — у асобе супрацоўнікаў Кастрычніцкага райаддзелу — пазабіраць з хаты ягоныя нататнікі. Ды пасьцерагчы пікеты апазыцыі з партрэтамі свайго колішняга кіраўніка на транспарантах... Паўгады таму «справай Захаранкі» пачынае займацца міжнародная камісія пры ААН. Толькі пасьля чатырох месяцаў, калі зьнікаюць яшчэ й Ганчар з Красоўскім, узбуджае крымінальную справу па 100-м артыкуле гарадзкая пракуратура. Лукашэнка месцам знаходжаньня апальнага экс-міністра называе Ўкраіну.

Да чорнай даты перад чарговым Днём Перамогі з журналістамі пра генэрала Захаранку не гаворыць амаль ніхто. Толькі родныя, сябры, бліжэйшыя паплечнікі.

На прэс-канфэрэнцыі, зладжанай грамадзкай арганізацыяй «Прававая дапамога насельніцтву», прысутнічаюць жонка й дачка генэрала, тры (зь пяці) сябры камісіі. Адсутнічаюць запрошаныя супрацоўнікі пракуратуры, якія вядуць афіцыйнае сьледзтва.

Зьнікненьню Юр’я Захаранкі, як вядома, папярэднічала ягоная заява пра падтрымку на травеньскіх выбарах кандыдата ў прэзыдэнты Міхаіла Чыгіра, а таксама актыўны ўдзел у стварэньні Беларускага саюзу афіцэраў. Папярэднічала крымінальная справа ў Гомелі па артыкуле «ўціск на міліцыю», вышук, пра які экс-міністру паведамлялі самі міліцыянты, аўтакатастрофа й гібель другой даверанай асобы Чыгіра — Арнольда Пячэрскага. Папярэднічала заўсёднае назіраньне спэцслужбаў («наружкі»). Менавіта ў дзень зьнікненьня Захаранкі назіраньне за ім было зьнятае.

Апошнім з Юр’ем Захаранкам сустракаўся афіцэр міліцыі Ўладзімер Арэстаў.

«7 траўня генэрал сустракаў мяне за горадам, бо я Менску добра ня ведаю й пакідаў машыну на стаянцы. Мы на ягонай машыне езьдзілі й працавалі. З раніцы назіраньне было. Ад назіраньня альбо мы «сышлі», альбо яно было зьнятае. У другой палове дня назіраньня не было — гэта дакладна можна сказаць. У 18.30 ён мяне правёў за горад, я паехаў далей. Недзе а 19-й мы рассталіся».

Цікавая рэч: толькі праз тры месяцы пасьля пачатку афіцыйнага сьледзтва пракуратурай Менску кампэтэнтныя асобы змаглі ўстанавіць, з кім Захаранка правёў апошнія паўдня. Хоць ніхто гэтага не хаваў. Наадварот, сам Уладзімер Арэстаў падказаў сьледзтву.

На працягу леташніх сьвяточных дзён, г.зн. ужо да вечара 9 траўня, сябры Юр’я Захаранкі абшукалі на месцы ягонага зьнікненьня ўсё, уключна з падваламі й каналізацыйнымі люкамі. На працягу тыдня знайшлі шэсьць сьведкаў. Іхныя паказаньні супадаюць амаль цалкам (трое сьведкаў па-рознаму ацэньваюць колькасьць людзей, якія напалі на экс-міністра й зацягнулі яго ў машыну: пяць гэта было чалавек ці шэсьць, адзін ці два зь іх пайшлі потым у бок дзіцячага саду). Супадаюць і апісаньні нападнікаў. Адзін зь відавочцаў нават цалкам упэўнены, што бачыў напад менавіта на Юр’я Захаранку.

На працягу першых сутак пасьля выкраданьня генэралаў сотавы тэлефон ня быў адключаны: толькі 8-га позна ўвечары ён стаў адказваць «няма сувязі з абанэнтам». Сябры грамадзкай камісіі лічаць, што тэлефон, хутчэй за ўсё, быў згублены на месцы выкраданьня ў момант бойкі, а пазьней некім знойдзены і ўжываецца цяпер са зьмененым нумарам. Захопнікі адключылі б апарат адразу.

«Казаць, што мы маглі спрацаваць лепей за ўсе спэцслужбы дзяржавы, было б памылкова і несур’ёзна», — кажа адзін з паплечнікаў Захаранкі, былы палкоўнік спэцназу Ўладзімер Барадач. — Некалькі словаў пра ўмовы працы грамадзкай камісіі. Па-першае, гэтых людзей папярэджвалі, што яны вядуць расьсьледаваньне незаконна, прысвойваючы паўнамоцтвы дзяржаўных органаў, што цалкам падпадае пад адпаведны крымінальны артыкул. Па-другое, усе яны давалі паказаньні «афіцыйнаму» сьледзтву як сьведкі. Па-трэцяе, сьледчыя пракуратуры зусім не сьпяшаліся прымаць пад увагу разумныя прапановы сваіх былых калегаў. Скажам, прапанова праверыць зьвесткі праслухоўваньня й «наружкі» ўрэшце вылілася ў адказ, што матэрыялы спэцслужбаў на Захаранку «згубіліся». Хоць звычайна такія рэчы, са словаў У.Барадача, захоўваюцца ў архівах 25 гадоў.

У працэсе зносінаў са сьледчай Сьвятланай Байковай, якая вядзе справу Захаранкі, сябры камісіі Алега Волчака ўпэўніліся, што сьледзтва не жадае браць пад увагу палітычную вэрсію, робячы ўпор на варыянт выкраданьня генэрала за нейкія пазыкі крымінальнікам. Аднак гэта выглядае нелягічна. «Калі чалавека бяруць за грошы, звычайна прад’яўляюцца нейкія патрабаваньні з тым, каб вярнуць тыя грошы. Такіх зваротаў пасьля выкраданьня не было», — кажа Ўладзімер Барадач. Камісія мае доказы, што да выкраданьня ня маюць дачыненьня крымінальныя структуры. З самага пачатку не адкідаліся ніякія вэрсіі прычынаў і матываў, і цяпер мае пацьверджаньні толькі адна зь іх — палітычная.

На думку палкоўніка Барадача, Захаранку «маглі арыштаваць афіцыйна з-за асьведаміцеляў», бо «яму прапаноўвалі нейкі пераварот ажыцьцявіць». З-за пары рэзкіх словаў экс-міністра маглі схапіць, схаваць і весьці сьледзтва, нікому не паведамляючы, год ці паўтара гады, бо справа ж — «дзяржаўнай важнасьці». Прынамсі, надзея на гэткі варыянт, кажа У.Барадач, яшчэ застаецца.

Меркаваньні сяброў Захаранкі пра магчымы «замежны сьлед» у гэтай гісторыі разыходзяцца. «Расіяне маглі ўзяць Захаранку, Ганчара й на час іх ізаляваць, каб далей выкарыстаць у палітычнай барацьбе, магчыма, паставіць на месца Лукашэнкі. Але каб расейскія ўлады ўмешваліся й дапамагалі Лукашэнку ў «мокрых» справах — я сумняюся», — кажа У.Барадач. Ён мяркуе, што рэжыму прасьцей за ўсё наняць для такіх «справаў» прафэсіяналаў-беларусаў, гуляючы на ўбітай прапагандай антыпатыі да «бээнэфаўцаў». Уладзімер Арэстаў, наадварот, схільны прыпісваць зачыстку палітычнага поля ў Беларусі брыгадам прафэсіяналаў-небеларусаў, якія дзейнічаюць пры моцнай падтрымцы й матэрыяльным заахвочваньні і, цалкам верагодна, ня толькі ў Беларусі.

У жонкі ж экс-міністра Вольгі Захаранкі выклікае падазрэньне тая ўпартасьць, зь якой адмаўляўся й адмаўляецца ад сустрэчы зь ёю амбасадар Расеі ў Беларусі. Дачка Юр’я Захаранкі Алена распавяла, што, калі сьледчай Сьвятлане Байковай прапанавалі папрацаваць па «расейскай» вэрсіі, тут жа ўмяшалася ейнае начальства — загадала «шукаць у Беларусі й нікуды ня лезьці». Алена не разумее, чаму прылюдна называе месцы нібыта знаходжаньня яе бацькі кіраўнік дзяржавы: калі Лукашэнка ведае, яго трэ было б дапытаць сьледзтву. На гэта зьвярнуў увагу й старшыня грамадзкай камісіі Алег Волчак. «Неяк Лукашэнка сказаў, што Віньнікава знаходзіцца ў Англіі. І гэта пацьвердзілася. Ён жа казаў, што Захаранка — ва Ўкраіне... Колькі нам паступала званкоў: Захаранка «быў» ужо і ў Смаленску, і ў Літве, і ў Празе». А.Волчак не выключае, што найвышэйшая ўлада Беларусі сапраўды валодае інфармацыяй. І рыхтуе глебу, каб у нейкім выглядзе запусьціць гэтую інфармацыю ў масававую сьвядомасьць пад зручнай для рэжыму вэрсіяй.

Падобныя злачынствы раскрываюцца па гарачых сьлядах, лічаць адстаўныя сілавікі. Альбо могуць стаць сэнсацыяй пад рубрыкай «белыя плямы гісторыі» праз шмат часу. Дзейнічалі замоўца выкраданьня й пяць-шэсьць выканаўцаў, якіх, цалкам верагодна, цяпер можа ня быць у жывых. «Паводле клясычнай схемы, людзі, якія робяць «гучную» справу, «прыбіраюцца» іншымі асобамі; другія асобы ня ведаюць, што зрабілі першыя. Гэта клясычны прыём, калі трэба «чыстая» справа», — тлумачыць У.Барадач. Калі ж выканаўцы жывыя, малаверагодна, што яны прызнаюцца ва ўчыненым — сваім саўдзеле ў злачынстве і, у выпадку сумневу, могуць «прыбраць» самі сябе. Таму «цяпер гэтую справу раскрыць можна толькі выпадкова», дакладнымі зьвесткамі валодае вельмі вузкае кола жыцьцёва зацікаўленых у яе сакрэтнасьці асобаў.

Уладзімер Барадач адзначыў: «І Захаранка, і Ганчар — як тыя салдаты ў 40-х гадох: яны гэтак жа зьніклі бязь вестак, толькі на палітычным «полі бою»... Гэтае поле шырэйшае за тэрыторыю Беларусі ў сьвятле шэрагу падзеяў на прасторах СНГ, прадыктаваных гэбісцкім рэваншам у Расеі. Калі мы кажам пра ланцуг сьмерцяў і зьнікненьняў людзей у Беларусі, цяжка не згадаць пра паралелі ў абставінах дзіўнай сьмерці Карпенкі і Сабчака (хваробы, на якія яны хварэлі), Пячэрскага й Чарнавіла (аўтакатастрофы). А выкрадзеныя (а ня зьбеглыя і зьніклыя) Віньнікава, Захаранка, Ганчар, Красоўскі нагадваюць амаль штодзённыя зводкі з Каўказу пра закладнікаў, і розьніца ў падачы інфамацыі аб іх абумоўленая розным статусам Беларусі й Чачэніі, рознымі мэтадамі іх далучэньня да імпэрыі-мэтраполіі (ці ўтрыманьня ў ёй). Урэшце — рознай ступеньню сілы, арганізаванасьці й радыкальнасьці апазыцыі ў рэгіёнах «нацыянальных ускраінаў». Беларуская сытуацыя не дазволіла захаваным структурам КГБ прыбраць Захаранку так, як Старавойтаву альбо, скажам, Дудаева. Ступень ягонай аўтарытэтнасьці сярод дзейных і адстаўных афіцэраў Беларусі не дазволіла кінуць яго ў турму, як Чыгіра, Клімава ці Васіля Старавойтава: афіцэры — гэта не дэпутаты, старшыні калгасаў альбо банкіры. Псыхалягічна ж разьлік арганізатараў расправы з Захаранкам падобны да правакацыяў спэцслужбаў Расеі ў «гарачых кропках» — выкраданьне й забойства ўлетку 96-га журналісткі Надзеі Чайковай у Чачэніі, расстрэл дзевяці лекараў-замежнікаў Чырвонага Крыжа ў канцы 96-га ў Новых Атагах. У абодвух выпадках злачынствы прыпісваліся прапагандай якраз тым, каго ахвяры злачынстваў абаранялі, лячылі, каго не маглі баяцца, з кім мелі добрыя дачыненьні. Нешта падобнае казалі ў «Панараме» Казіятка, у «Рэзанансе» Зімоўскі: што з Захаранкам (і Ганчаром) «магла расправіцца апазыцыя», што абодва «ўцяклі з грашыма» і г.д.

І апошняе. «Прававая дапамога насельніцтву» змагла прадставіць журналістам аўдыязапіс размовы са сьледчай Сьвятланай Байковай. Яна заявіла, што пра лёс Юр’я Захаранкі ня ведае нічога, а справа па 100-м артыкуле, хутчэй за ўсё, будзе «прыпыненая». Пакуль, са словаў Байковай, пра гэта гаворка ня йдзе, але такі вынік пасьля году-паўтарох пошукаў — «звычайная практыка». Прыстойную міну рэжым захавае, значыць: шукаў, але ня змог.

Вось так, кажучы словамі Алены Захаранкі, «у наш час людзі аддаюць жыцьцё за прававую дзяржаву»?

Тацяна Сьнітко


Каментары

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць4

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

На таргі выставілі чыгунку пад Мінскам

Салістка «Начных снайпераў» звалілася з балкона падчас выступу ў Санкт-Пецярбургу

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе13

Украінскі сцяг замест расійскага з'явіўся ўчора на вялізарным экране ў Астане ў часе візіту Пуціна

Ціханоўская: З мужам ужо больш за 600 дзён няма сувязі, але Сяргей — адзін з самых моцных людзей, якіх я сустракала19

Палітзняволенага журналіста Ігара Карнея зноў будуць судзіць

Даляр сёння падаражэў на шэсць капеек, еўра — на 122

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць4

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →