Культура3030

Кацярына Пікірэня стала дырэктаркай кнігарні «логвінаЎ» у 22 гады - гутарка

«Людзі да нас прыходзяць, і ў іх шок», — кажа яна.

Кацярыне Пікірэні толькі 22 гады, але на сваіх далікатных плячах яна трымае найлепшую незалежную кнігарню. Адцягнуўшы Кацярыну ад працы і тэлефонных размоў, мы распыталі яе пра вучобу ў Медыцынскім універсітэце, пра кнігарню з яе наведнікамі, і не абмінулі пытанняў пра беларускую літаратуру.

Каця — дачка медыкаў. Пасля школы яна вырашыла пайсці па шляху бацькоў і паступіла ў медунівер.

Мяне так выхавалі

З самага дзяцінства мне ледзьве хапала пальцаў адной рукі, каб пералічыць усе тыя заняткі, з якімі я хацела звязаць сваю будучыню.
Былі мары стаць мастачкай, паэткай, танцоркай, музыкай і нават філосафам. Я была паслухмянай, але вельмі актыўнай.

Я заўсёды добра ставілася да беларускай культуры — мяне так выхавалі. Пачала размаўляць па-беларуску, калі паступіла ва ўніверсітэт. Людзі распавядаюць пра нейкія ўрачыстыя крокі, пра падзеі, якія падштурхнулі іх да гэтага кроку, — у мяне такога не было. Ва ўніверсітэце імкнулася размаўляць па-беларуску заўсёды, нягледзячы на цяжкасці з перакладам некаторых тэрмінаў.

Медыцынскі ўніверсітэт я не скончыла, сышла з 4 курса, бо ў пэўны момант прыйшла да высновы, што трэба займацца тым, што любіш, а не тым, да чаго ставішся проста нейтральна.
Цяпер вучуся ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце на праграме «Медыя і візуальны дызайн».

Жывых трэба баяцца, а не мёртвых

Я ніколі не шкадавала, што вучылася ў Медзе.
Гэта вялікі досвед.
Былі моманты, рабілася кепска на аперацыях — здавалася, пацыент вось-вось прачнецца і адчуе гэты боль.
А мёртвых, дарэчы, ніколі не баялася. Нездарма кажуць: жывых трэба баяцца, а не мёртвых. Бо няма нічога кепскага, агіднага і страшнага ў смерці. Штохвіліны хтосьці памірае, але і штохвіліны хтосьці нараджаецца.

Упершыню Кацярына трапіла ў кнігарню ў дзень яе адкрыцця. Месца, у якім канцэнтруецца якасная літаратура, прыцягвала дзяўчыну, і калі ўзнікла пытанне падзаробку, Каця не вагаючыся прыйшла ў «Логвінаў» і пэўны час працавала тут прадаўцом.

Усё адбываецца менавіта цяпер

З часам стала дырэктаркай. Развіццё кнігарні ідзе сваім шляхам і досведу ўтрымання месца такога фармату ў Беларусі пакуль не існуе. У пэўны момант узнікла патрэба размеркаваць функцыі: так з’явіўся таваразнаўца, мэнэджар і, натуральна, наступным крокам стаў пошук чалавека, які б усё каардынаваў і прымаў канчатковыя рашэнні. Ну вось і вырашылі паспрабаваць мяне.

Усё тут створана для размовы

«Логвінаў» — культавае месца, гэта не столькі кнігарня, гэта, хутчэй, кніжны клуб. Тут ніхто не прыспешвае з выбарам, можна прысесці за стол і пагартаць упадабаную кнігу.
Прадаўцы ў нас нязвыкла ветлівыя і дужа гасцінныя, ім напраўду цікава паразмаўляць з наведнікамі, абмеркаваць літаратурныя навіны.
Кнігарня — гэта месца сустрэчы самых розных, але безумоўна неабыякавых і творчых людзей.
Мы намагаемся падтрымліваць вольную, нефармальную атмасферу: утульна і дзеткам, і дарослым. Часам бацькі проста ў кнігарні пачынаюць уголас чытаць дзеткам толькі што набытую кнігу. А аднойчы ўвечары сам сабой зладзіўся невялічкі шахматны турнір.

Няма мэты стаць супергероем

Усе кнігі, ясная рэч, не паспяваю чытаць, але імкнуся заўсёды быць у тэме.
Мы ведаем сваіх аўтараў, ведаем, хто і што рабіў. І тым болей радасна, калі новы твор ці новы аўтар робіцца прыемным адкрыццём.

Тут няма мэты стаць супергероем, чытаць і ведаць усё. Перадусім люблю паэзію. Хтосьці цікавіцца міфалогіяй, хтосьці гумарыстычнай прозай. Мы проста чуем меркаванні адно аднаго, чуем розныя водгукі ад нашых жа заўзятараў. У выніку амаль пра кожную кнігу мы можам нешта распавесці, акрэсліць самае істотнае.

У людзей адбываецца культурны шок

Пра гэтае месца ведае не дужа шырокае кола людзей, ствараецца ўражанне адмысловай субкультуры. І сапраўды, шмат хто прыходзіць сюды, каб пабавіць час, патусавацца. Але

штодзень сюды прыходзяць новыя і новыя людзі
з тых, хто проста жыве непадалёк ці па нейкіх прычынах апынуліся побач і зацікавіўся дзіўным будынкам у глыбіні дворыка. У людзей здараецца культурны шок.
Яны задаюць недаверлівыя пытанні: «Дык у вас усё па-беларуску
і «А вы тут кнігі прадаеце, ці што?» Мы тлумачым. Натуральна, досыць часта закранаецца тэма нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, цяперашняга стану культуры. У тых, хто раней не цікавіўся сучаснай літаратурай, трохі большы ўзровень здзіўлення — і яны прасякаюцца найперш самой атмасферай, разглядаюць небанальную падборку суверніраў, паштовак ды календароў. Іншыя ўзгадваюць і пытаюцца пра рэдкія кнігі, якія нідзе раней не маглі знайсьці, просяць параіць ім чытво на наш густ.

Не трэба пужацца расейскай мовы

Не трэба пужацца расейскамоўнай літаратуры. Наша краіна дзвюхмоўная, то бок у ёй існуюць носьбіты абедзвюх моваў. І калі кніга напісаная расейскамоўным беларусам якасна, таленавіта, то яна мусіць быць і чытачу варта ведаць пра яе. І таму палітыка нашай кнігарні мае сваім прыярытэтам не толькі літаратуру беларускамоўную, але і ўвогуле літаратуру якасную, на якой бы мове яна не была.

Нельга браць за шкірку і прымушаць чытаць, чалавек павінен прыйсці да ўсяго самастойна. Мы адчыненыя для кожнага, так што хай заходзяць да нас.

У размове не абмінулі пытанняў пра стан беларускай літаратуры, яе хібы і тэндэнцыі развіцця.

Беларуская літаратура мае невялікі попыт

У маленькіх гарадах і мястэчках палічак з сучаснай беларускай літаратурай няма. Дый які можа быць попыт, калі пра існаванне гэтых кніг насельніцтва на перыферыі не ведае? Каб фармаваўся попыт, людзі павінны бачыць, што культура жыве і развіваецца.

Друкуйцеся

У нас мала прадуктыўных аўтараў, якія выдаюць кнігу за кнігай і чый творчы шлях можна прасачыць у друкаваных выданнях.

Нярэдка аўтар занадта адказна ставіцца да публікацыі, удасканальванне зацягваецца на гады, а тым часам тэксты старэюць, губляючы актуальнасць ці адпаведнасць самой асобе творцы. А варта выдаваць, калі ўжо ўзнікла такая думка, і першую, і другую кнігу — каб трэцяя, можа, была найлепшай.
Друкуйцеся, вельмі істотна бачыць рэакцыю чытачоў і не губляць з імі сувязь.

Трэба пісаць пра сэкс

Трэба пісаць пра сэкс, увогуле пра ўсё. Забароненыя тэмы — гэта глупства. Гэта нельга хаваць і нельга выразаць. Гэта жыццё і гэта думкі.

Літаратура канцэнтруе рэчаіснасць, а не хавае яе праявы. Беларуская літаратура ў чымсьці занадта цнатлівая. Шчырасць і смеласць выклікае дыскусіі, спрэчкі, палярызуе меркаванні — а гэта найлепшы стымулятар літаратурнага працэсу.

Кніга мае сувенірнае значэнне

Цяпер папяровая кніга становіцца падарункам, прыгожым прадметам, які мае сувенірнае значэнне. Наша прывязанасць да папяровага фармату — проста трывалая звычка, безліч асацыяцый і ўспамінаў, нам падабаецца пах старонак, магчымасць адчуць літары на дотык.

А канчатковая перамога электроннай кнігі не за гарамі, гэта справа часу.

Тут сабраліся фанаты сваёй працы

Я маладая, энергіі і запалу ў мяне шмат, і гэтая дастаткова наіўная, юнацкая захопленасць толькі дапамагае мне працаваць. Самае цікавае, што тут я магу прасачыць увесь жыццёвы шлях кнігі, бо фактычна на гэтай жа тэрыторыі знаходзіцца выдавецтва.

У той жа кнігарні сустракаюцца тыя, хто карэктуе, рэдагуе, вярстае і афармляе кнігу, і тут жа яна, нарэшце, сустракаецца з чытачом,
то бок можна ўбачыць і канчатковы эфект, рэакцыю тых, для каго ўсё і стваралася. Гэта захапляе.

Тут збіраюцца фанаты сваёй справы. А як жа інакш?

* * *

Кнігарня «логвінаЎ»

месціцца ў Мінску, па адрасе пр. Незалежнасці, 37а (раён плошчы Перамогі).

Каментары30

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку19

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

За «анлайн-пікетаванне» будуць судзіць завуча Ляхавіцкай гімназіі, якую здала Бондарава3

На датэрміновым галасаванні зноў дадалі 10% за дзень10

Трамп хоча зменшыць сусветныя цэны на нафту, каб скончыць вайну ва Украіне10

Белкаапсаюз хоча завабліваць кліентаў размяшчэннем у сябе пунктаў выдачы Wildberries ці Ozon2

З еўрапейцаў смяяліся, а сонечная энергія сапраўды замяніла расійскі газ — пазітыўная статыстыка9

Міліцыя выпадкова выклала ўнутраны дакумент з аналізам медыя. Вось каго яны сёння чыталі і якія СМІ лічаць незалежнымі4

У лютым беларусы змогуць падаць дакументы на польскую студэнцкую візу без папярэдняй рэгістрацыі4

Рэальны стан расійскай эканомікі не такі, як падаецца14

Мітрапаліт Веніямін таксама прыйшоў галасаваць датэрмінова16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку19

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →