Неабыякавая сям'я ў Серабранцы стварыла пад сваім балконам этнаграфічны куток.
Да дома, што за кінатэатрам «Салют», даводзіцца дабірацца перакапанымі дарожкамі — на Ракасоўскага працягваецца капітальны рамонт. Падыходжу бліжэй.
Сапраўдныя калёсы і сані, калаўрот ды іншыя прадметы сялянскага побыту за мініятурным плеценым плотам, што паўколам атачае выставу пад самымі вокнамі дома.
На балконе першага паверха з’яўляецца маладая жанчына, усміхаецца: «Падабаецца? Мой муж зрабіў». Пытаю, адкуль усе гэтыя рэчы. «Мы ездзім па вёсках, знаходзім нешта і купляем. Што за дзвесце тысяч, што за трыста. Людзі, калі бачаць, што мы цікавімся, хочам купіць, адразу просяць даражэй». Штосьці яны знайшлі на Міншчыне, а ёсць рэчы і з Віцебшчыны.
«Шмат крадуць. Вунь гэты калаўрот — ужо трэці. Часцей за ўсё зникае посуд — гаршчкі, збанкі», — кажа жанчына.На яе думку, робяць гэта, хутчэй за ўсё, бамжы.
Заўважаю на зямлі недапалкі і пустыя пляшкі. Гаспадыня выставы тлумачыць: «Людзі бачаць, што мы за імі іх недапалкі сваімі рукамі падбіраем і ўсё адно з вокнаў выкідваюць. Але цяпер, калі ў нас дзіця нарадзілася, часу не хапае прыбіраць».
Але ёсць і неабыякавыя да вясковай выставы.
«Прыходзяць сюды людзі з дзецьмі. Паказваюць ім, фатаграфуюць. У нас няма свайго лецішча, дык хоць гэта зможам свайму дзіцяці паказаць».
На адлегласці некалькіх пад’ездаў заўважаю яшчэ адну выставу — на іншы густ. Тут няма ні вазоў, ні старых прасаў з граблямі. Сярод кветніку хаваюцца пенапластавыя буслы, гіганцкая жаба і невядомыя істоты ў капелюхах — відаць, міфічныя лесавікі. Відаць, поспех суседзяў аказаўся натхняльным.
Каментары