Лябедзька даў жару ў тэлевыступе: «выдаць чыноўнікам адзін памперс на тры дні»
Кіраўнік АГП заявіў, што кандыдаты здымуцца, бо ў краіне няма свабодных і праўдзівых выбараў.
Паводле Анатоля Лябедзькі, дзейная ўлада завяла Беларусь у эканамічны тупік. Старшыня АГП сказаў, што 1 мільён беларусаў мусіў з'ехаць з краіны ў пошуках працы, а яшчэ паўмільёна фактычна лішнія на сваіх прадпрыемствах.
У сацыяльнай сферы таксама правал, мяркуе Анатоль Лябедзька, і прыводзіць такі прыклад: «Паводле нормаў у дамах састарэлых адзін памперс выдаецца чалавеку на тры дні. Вось бы беларускіх чыноўнікаў, вертыкальшчыкаў, сілавікоў, ідэолагаў у гэты пампэрс на тры дні. Тады, магчыма, мы мелі б адэкватную сацыяльную палітыку».
Паводле Анатоля Лябедзькі, тое, што ў Беларусі 14 міліцыянтаў на тысячу жыхароў, а ў Велікабрытаніі -- 3, не прадмет гонару, бо бяспека краіны ўсё роўна не гарантаваная, мяркуючы па тым, што шведскі самалёт праляцеў над мяжой і скінуў плюшавых мядзведзікаў з заклікамі салідарнасці. Анатоль Лябедзька нагадаў пра палітвязняў Мікалая Статкевіча, Змітра Дашкевіча, Ігара Аліневіча, Алеся Бяляцкага ды іншых. «Палітвязні ў ХХІ стагоддзі — гэта нацыянальная трагедыя і агульнаеўрапейская ганьба», — мяркуе Анатоль Лябедзька.
Каментары